Вячаслаў Сіўчык: Пуцін – даўняя, сталая пагроза Беларусі



У Менск прыбыў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Ён праводзіць перамовы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Як кажа палітык, стваральнік Руху Салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык, ён заўсёды ўспрымаў візіты прэзідэнта Расеі ў Беларусь як патэнцыйную пагрозу.

Сіўчык нагадвае, што раней, калі быў у палітычнай эміграцыі ва Украіне, неаднаразова папярэджваў у інтэрв’ю, што шматлікія сустрэчы тагачаснага яе прэзідэнта Віктара Януковіча з Уладзімірам Пуціным вельмі небяспечныя як для Украіны так і для ўсей Еўропы.

– У выніку мы маем – анексію Крыма і вайну на Данбасе. Наогул Пуцін – гэта сталая пагроза для Беларусі. Яшчэ ў далёкім 2003 годзе, пасля яго знакамітага выразу пра “мухі і катлеты”, я выводзіў людзей на Кастрычніцкую плошчу, напярэдадні яго візіту, каб ён прасіў прабачэння перад беларускай нацыяй за тое, што ён абразіў яе. Бо напярэдадні ён казаў, што Беларусь можа ўвайсці ў якасці шасці губерней у склад Расейскай Федэрацыі. І я патрабаваў ад імя беларускага народу, каб ён прасіў прабачэння.

„Праз 13 год пасля тых пуцінскіх словаў свет вельмі істотна змяніўся не ў лепшы бок, у тым ліку з-за шавіністычна-імперскай палітыкі Пуціна. Таму кожны візіт гэтага чалавека і выклікае пачуццё страшнай пагрозы,” – сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя