У Пінску створаць турыстычны шлях караля Станіслава Панятоўскага



У гонар візіту апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага пройдзе экскурсія па слядах манарха на Піншчыне.

Звыш 200 гадоў таму, кароль пабываў з афіцыйным трохдзённым візітам у Пінску. Апошні кароль Польшчы прыняў удзел у Дажынках, азнаёміўся з эканамічнымі магчымасцямі, воднымі шляхамі і перспектывай краю.

Намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна спадзяецца, што знойдуцца людзі, якім цікавая мінуўшчына роднай зямлі:

– Мяркую так, што ў гэтым годзе хоць некалькі груп пабачым, якая будзе папулярнасць, хацелася б хоць адну ці некалькі турыстычных груп і найбольш саміх палешукоў павесці па маршрутах звязаных з гэтым візітам караля, бо ў нас захавалася і Заполле, дзе быў парад, і штосьці ў Крыстынаве можна пабачыць. Я думаю, што людзям, якія любяць свой горад і край, гэта будзе вельмі-вельмі цікава і карысна.

У горадзе над Пінай захаваўся палац Бутрымовіча, які закладаў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, езуіцкі калегіум, дзе жыў манарх, дуброва ў Заполлі ды дарога на Лапаціна, якія памятаюць апошняга караля Польшчы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя