Змаганне з айчыннымі прывідамі



90-ыя вяртаюцца. Пакуль што не ў выглядзе банд рэкеціраў, якія спыняюць міжнародныя рэйсавыя аўтобусы, каб пакорпацца ў кішэнях пасажыраў. Ды і паказнікі вулічнага хуліганства не параўнаць з тымі цудоўнымі часамі, калі кожнае вяртанне дадому ўвечары выглядала эпізодам з серыяла „Застацца ў жывых”. Але прыкметы нестабільнасці ўсё-такі ёсць.

У Менску з’явілася служба „Паляўнічыя на зданяў”. Сам факт з’яўлення групы асобаў, якія вераць у свае звышздольнасці, прадстаўляюцца медыумамі і экстрасэнсамі, не надта цікавы. Падумаеш, нехта верыць у палтэргейстаў і розных нячысцікаў… З кім не бывае? Рэлігійныя фанатыкі часта куды больш небяспечныя для грамадства, чымся такія дзівакі. Але цікава тое, што дзейнасць „Паляўнічых на прывідаў” аказалася запатрабаванай. Народ, калі верыць прэсе, гатовы выкладаць даволі высокія сумы за выгнанне дамавікоў з гарадскіх двухпакаёвак, патрыманых аўтамабіляў, фенаў і смартфонаў. А калі ёсць попыт – значыць ёсць і прапанова. Карацей, гледзячы па ўсім, надыходзіць зноў эпоха Кашпіроўскага, які лячыў невылечныя хваробы дыстанцыйна. А таксама Чумака, які зараджаў пазітыўнай энергіяй праз экраны тэлевізараў мільёны літраў вады ў шкляных слоіках.

Зрэшты, у нялёгкія часіны крызісу кожны зарабляе так, як умее. Нехта гойсае за прывідамі, хтосьці адчыняе майстэрню абутку. Затое ў паляўнічых на прывідаў не будзе праблемаў з падатковай. Галоўнае, што не дармаеды. Запатрабуюць ад іх справаздачу. А яны такія: фірма зарэгістраваная ў Беларусі, падаткі плацім, працуем больш за 180 дзён цягам года. А калі яшчэ ўлічыць, што змагаюцца з айчыннымі, а не імпартнымі зданямі, то ўвогуле змагарам з нячысцікамі рэспект.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ