Гарадзенскія філатэлісты: не толькі колькасць, але і якасць



Філатэлісты з Гародні прымуць удзел у міжнароднай выставе “Берасце-2016”, што будзе адбывацца 18-25 чэрвеня 2016 году. Калекцыянеры прадставілі на экспазіцыю некалькі дзясяткаў сваіх збораў на розную тэматыку: ад марак, прысвечаных І сусветнай вайне, да калекцый, прысвечаных нацыянальнаму адзенню Еўропы.

Пра ўдзел у выставе распавядае кіраўнік гарадзенскага абласнога таварыства філатэлістаў Фрыдэрык Гушча:

– Гарадзенцы прымаюць самы актыўны ўдзел у берасцейскай выставе. Нас там больш за ўсіх у Беларусі. Мы перасягнулі і сам Берасце, і Менск. У выставе прымаюць удзел філатэлісты  больш чым з васьмі краін свету. З Гародні ўдзельнічаюць калекцыі, якія ўжо заваёўвалі не ніжэй „срэбра”, у тым ліку на міжнародных выставах.

У таварыстве па ўсёй Гарадзеншчыне каля сотні калекцыянераў, і каля траціны з іх займаюцца выставачнай працай. Асноўная праблема збіральнікаў паштовых марак з Беларусі – гэта ўзрост. Сярэдні ўзрост філатэліста ў Беларусі – далёка за 50 год.

Беларускае Радыё Рацыя