Станіслаў Шушкевіч: Навошта нам такая саюзная дзяржава?



У Менску адбылося 50-е, юбілейнае, паседжанне Парламенцкага сходу Расеі і Беларусі, які быў створаны 20 год таму.

Stanislav-Stanislavovich-Shushkevich

Але па словах былога кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча, на гэтых паседжаннях, акрамя выпадаў у бок Захаду з вуснаў кіраўніка Дзярждумы Расеі Сяргея Нарышкіна, які заявіў аб умяшальніцтве еўрапейскіх парламентарыяў ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў, і звычайных “заклінанняў” аб умацаванні саюзнай дзяржавы, ён нічога не пачуў.

А ці патрэбныя як сама саюзная дзяржава, так і сотні „пасадачных месцаў” для тых, хто нічога не ўмее рабіць?  – задае рытарычнае пытанне Станіслаў Шушкевіч:

– Гэта ўсё рэчы непатрэбныя, гэта ўсё палітычныя сімвалы і працяг партыйна-гаспадарчых школаў, якія былі ў савецкія часы, каб “мабілізаваць”, “падняць” і назваць год “пабеданосным”, “рашаючым” і так далей. Пра які можна гаварыць міждзяржаўны парламент, калі наш так званы парламент не працуе? Што робіць “палатка”?  Вы бачылі якія-небудзь яе рашэнні? У нас фактычна ўсе функцыі “палаткі” выконвае кіраўнік дзяржавы сваімі ўказамі. У Беларусі ніхто не выбірае сенатараў. Іх прызначае Лукашэнка. Гэта ўмацаванне індывідуальнай улады, якое вельмі задавольвае Расею, таму што яна тут робіць тое, што хоча. Ніводнага слова не сказана, што будзе зроблена, каб выканаць нейкія паказчыкі ў эканоміцы, ні слова аб лібералізацыі эканомікі, без чаго немагчыма зварухнуць гэтую сістэму.

Мне здаецца – гэта вялікі цырк, такі, як савецкі партыйна-гаспадарчы сход.

Нарышкін, як і многія палітычныя дзеячы Расеі, даўно страціў сорам. Ён гаворыць, што парламентарыі ўмешваюцца ў справы краін.  Дарэчы, як яны ўмешваюцца? Яны робяць заявы, дэкларацыі і прымаюць санкцыі. Яны для гэтага маюць усе падставы. Таму што гэта адпавядае іх заканадаўству.

А калі Расея ўмешваецца ў справы іншых краін, то яна накіроўвае туды сваіх вайскоўцаў, яна ўчыняе агрэсію. Яна забівае людзей з аднаго і другога боку, яна не шкадуе сваіх жыццяў, таму што гэта старая расейская тэндэнцыя: самае таннае расейскае ўзбраенне – гэта чалавечыя жыцці, жыцці маладых людзей, жыцці вайскоўцаў. А пра што гаворыць Нарышкін? Пра тое, што яны цяпер аб’ядналіся дзеля таго, каб адрадзіць імперыю – зрабіць рускую прастору.   

Таму зараз менавіта Расея спрабуе ўмешвацца ў справы іншых краінаў, абвясціўшы, што будзе паўсюль падтрымліваць так званы „рускі свет”, – лічыць Станіслаў Шушкевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.