Андрэйчанка: Роўных умоў гаспадарання як не было, так і няма
Беларускія ўлады чарговы раз раскрытыкавалі эканамічную неэфектыўнасць Саюзнай дзяржавы. “Эфект ад стварэння Саюзнай дзяржавы мог бы быць значна мацнейшы,” – заявіў сёння, 10 чэрвеня, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка ў Менску на 50-ай сесіі Парламенцкага сходу, прысвечанай 20-годдзю інтэграцыі Беларусі і Расеі.
Паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча, нічога новага ў гэтай заяве няма, бо з падобнай крытыкай не раз выступаў і сам Аляксандр Лукашэнка.
– Беларускі бок заўжды падкрэслівае, што Мытны саюз для нас цікавы, але ён не запушчаны ў дастаткова належным аб’ёме, з аднаго боку. З іншага боку, не створаны нават роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання. Я думаю, што і заява Андрэйчанки, і ўсе астатніня заявы беларускага боку, яны скіраваныя на тое, каб падштурхнуць усё ж такі расейскія ўлады да больш гібкай, гнуткай пазіцыі на перамовах.
У гутарцы з журналістамі па выніках паседжання Уладзімір Андрэйчанка адзначыў: „Мы ўсё ж такі не дамагліся роўных умоў для нашых суб’ектаў гаспадарання, не змаглі стварыць агульны рынак для нашых тавараў і паслуг”. Паводле слоў спікера, бюракратычныя бар’еры ў Саюзнай дзяржаве — адна з прычын, па якой з году ў год растуць аб’ёмы нявыкарыстаных бюджэтных сродкаў.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота blr.belta.by