Абама працягнуў на год санкцыі супраць уладаў Беларусі
Прэзідэнт ЗША Барак Абама працягнуў яшчэ на год санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Пасланне Абамы Кангрэсу ЗША пра тое, што санкцыі падаўжаюцца пасля 16 чэрвеня 2016 года, размешчана на афіцыйным сайце Белага дома.
У дакуменце сказана, што дзеянні пэўных прадстаўнікоў ўрада Беларусі «ўяўляюць надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы ЗША».
На думку амерыканскага прэзідэнта, гэтыя людзі таксама «падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў Беларусі». Ва ўказе, дзеянне якога падоўжыў прэзідэнт Абама, улады Беларусі абвінавачваюцца ў «парушэннях правоў чалавека, звязаных з палітычнымі рэпрэсіямі, а таксама ўдзеле ў карупцыі».
Санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў і членаў іх сем’яў, былі ўведзеныя 16 чэрвеня 2006 года Джорджам Бушам. Нагодай сталі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія ў ЗША і ЕЗ прызналі недэмакратычнымі.
Санкцыі прадугледжваюць блакаванне рахункаў названых асоб у амерыканскіх банках, забарона ім на ўезд у ЗША, забарона амерыканскім кампаніям весці з імі справы.
Паводле news.tut.by
Фота: Reuters