Дзве прэзентацыі ў Слоніме
У Слоніме адбыліся адразу дзве прэзентацыі. Гарадзенец Аляксандр Місцюкевіч, які родам са Слонімшчыны, прэзентаваў сваю першую краязнаўчую кнігу „Падарожжы па родных мясцінах”, прысвечаную гісторыі родных вёсак Піронім, Львоўшчына, Ісаевічы і Дзераўная.
З аўтарам кнігі слонімцаў пазнаёміў гісторык і літаратар Сяргей Чыгрын, які напісаў і прадмову да гэтай кнігі. Ён, у прыватнасці, сказаў, што «у «Падарожжах па родных мясцінах» Аляксандр Місцюкевіч вельмі цікава распавядае не толькі пра родную вёску Піронім, але і пра асоб, якія некалі мелі дачыненне да вёскі, былі яе гаспадарамі. Найперш шмат новых архіўных звестак аўтар знайшоў пра шляхцічаў Бронскіх. Дзякуючы Бронскім у Піроніме ў XIX стагоддзі была адкрыта суконная фабрыка на якой працавалі 75 чалавек. Апісваючы гісторыю Піроніма, аўтар кнігі даследуе і іншыя вёскі і хутары Слонімшчыны, асабліва тыя, якія суседнічаюць ці суседнічалі з Піронімам. Таму што лёс роднай вёскі краязнаўца Місцюкевіча падобны да лёсу іншых слонімскіх вёсак. Не абмінула іх і паўстанне 1863 года, розныя войны, у тым ліку Першая і Другая сусветныя, рэпрэсіі і калектывізацыя».
Аляксандр Місцюкевіч, у сваю чаргу, адзначыў, як ён працаваў над кнігай, што цікавае адшукаў у гарадзенскіх архівах.
Другую прэзентацыю ў Слоніме наладзіла выданая беларуская грамадская актывістка, музыкант, спявачка і гітарыстка Таццяна Матафонава. Яна прэзентавала складзены ёю дыск «Галасы паэтаў». «Дыск быў задуманы, як аўдыё-дапаможнік для вывучэння ў школе беларускай літаратуры XX-XXI стагоддзяў. На дыску запісаныя галасы беларускіх паэтаў, якія чытаюць свае вершы», — сказала Таццяна.
Потым спявачка выканала некалькі песень на вершы беларускіх паэтаў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім