Кашэлі напоўніліся гукамі беларускай музыкі



У вёсцы Кашэлі, што ў гміне Орля, адбыўся этнаграфічны фэст «І там жывуць людзі». На сцэне перад мясцовай святліцай жыхарам вёскі і ваколіцаў гралі песні музычныя калектывы з Бельшчыны і Гайнаўшчыны.

Сярод іх быў калектыў «Вэрвачкі» з Орлі. Кажа сябра гурта, Магдаліна Пасечнік:

— Я ўжо год у гэтым гурце і мне добра спяваецца. Былі тры песні беларускія, на канец была песня ўкраінская. Гэты фэст — вельмі добрая задума, бо ўся вёска сустракаецца і гэта мерапрыемства для ўсёй вёскі і ўсе могуць пагаварыць паспяваць патанцаваць і проста разам правесці час.

У Кашэлях прагучалі яшчэ песні між іншым такіх калектываў як: «Мэтро», «Рэтро Beats» з Гайнаўкі, ды «Арт. Пронар» з Нарвы. У час этна-фэсту «І там жывуць людзі» можна было таксама наведаць краму з беларускай літаратурай, рукадзеллем і сувенірамі.

Мерапрыемства ў Кашэлях было адначасова першым з серыі 8 выпуску этна-фэстаў «І там жывуць людзі», якога галоўным арганізатарам выступае Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы.

[Not a valid template]

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара