Ці ёсць інтрыга ў парламенцкай кампаніі?



Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў пра галоўную інтрыгу парламенцкіх выбараў.

Аляксей Янукевіч: Па вялікаму рахунку, бачна, што ўлады будуць імкнуцца праводзіць гэтую кампанію па старых сцэнарах, не змяняючы сутнасць, хаця крыху дададуць дэмакратычнага антуражу. Таму, на мой погляд, самая галоўная інтрыга кампаніі палягае ў тым, ці вырашыць прарасейская пятая калона выставіць сваіх кандыдатаў, якія будуць актыўна прапагандаваць палітыку “рускага свету” і адкрыта прасоўваць яе, каб правесці тэставанне настрояў у беларускім грамадстве. А, магчыма, яны пакуль не рызыкнуць зрабіць такі крок зараз. Мне падаецца, што ёсць рэальная небяспека, што гэта будзе адбывацца і, калі так, то павінна быць адпаведная рэакцыя з боку беларускага грамадства. Я спадзяюся, што тут і беларускія ўлады не застануцца абыякавымі, бо недарэмна ж Лукашэнка адным з галоўных крытэраў будучых дэпутатаў назваў адданасць незалежнасці краіны. Таму ў гэтым і адметнасць сёлятніх выбараў. У астатнім яны мала чым будуць адрознівацца ад папярэдніх. У такім выпадку наша тактыка не змяняецца – асноўныя мэты для нас звязаны з пашырэннем незалежніцкіх настрояў у беларускім грамадстве.

РР: Некаторыя мяркуюць, што галоўная інтрыга гэтых выбараў: ці патрапяць у парламент некалькі прадстаўнікоў ад апазіцыі?

Аляксей Янукевіч: Няма ў гэтым ніякай інтрыгі. Ужо шмат разоў мы бачылі (самы яскравы прыклад – 2008-ы год), калі была так званая лібералізацыя, былі чаканні ўбачыць апазіцыйных палітыкаў з мандатамі… У выніку ўлады ўсе мінулыя разы вырашылі не змяняць не толькі сістэму правядзення выбараў, але і “ўнутранае напаўненне” парламента. Не патрэбна там апазіцыя альбо непадкантрольныя людзі. Я цвёрда перакананы, што ніводны чалавек ад рэальнай апазіцыі не патрапіць у склад Палаты прадстаўнікоў.

РР: Вы здзівіцеся, калі туды патрапяць кіраўнікі кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў альбо Таццяна Караткевіч?

Аляксей Янукевіч: Калі так здарыцца, то здзіўлюся вельмі моцна. Але, паўтаруся, упэўнены, што ні Караткевіч, ні Дзмітрыеў у дэпутаты не патрапяць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя