У рэгіёнах крызіс найбольш заўважны



Віцебшчына з’яўляецца лідарам па запачычанасцях па заробках. Са 167 прадпрыемстваў, дзе затрымліваюць заробак, — 133 з Віцебшчыны. Агульнабеларускае падзенне колькасці насельніцтва, эканамічная міграцыя з рэгіёна робяць Віцебшчыну аўтсайдарам на фоне іншых беларускіх рэгіёнаў.

Чаму менавіта Віцебшчына перажывае заняпад? Пра гэта пытае на старонках “Belarus Digest” дырэктар па развіцці Цэнтра Астрагорскага і галоўны рэдактар беларускага інтэрнэт-часопіса “Ідэя” Рыгор Астапеня. Паводле яго, статыстыка сапраўды кажа пра заняпад Віцебшчыны, але нельга казаць, што іншыя рэгіёны Беларусі, за выключэннем Менска, праблемаў не маюць.

Рыгор Астапеня: Розніца паміж Віцебскай і іншымі абласцямі нязначная. Віцебшчына саступае толькі па некалькіх паказчыках. Мы можам паглядзець на падзенне цэнаў на кватэры, на колькасць прадпрыемстваў, што маюць запазычанасці перад людзьмі. Таксама нафтаперапрацоўчы “Нафтан” зараз знаходзіцца ў крызісе, а яшчэ год таму ён быў адным з найбольш прыбытковых прадпрыемстваў. Зараз яго прыбыткі скараціліся на 30%. Таму тут цяжка казаць пра вялізную розніцу між Віцебскай вобласцю і, напрыклад, Магілёўскай. Аднак заўважаецца, што першая адстае.

РР: Магчыма, рэч якраз у гэтых буйных прадпрыемствах, якіх на Магілёўшчыне крыху больш? Бо насамрэч так: “Нафтан” на Віцебшчыне быў лідарам, які зарабляў грошы з нафты, даваў грошы у дзяржбюджэт, з якога падтрымліваліся іншыя стратныя прадпрыемствы.

Рыгор Астапеня: Так, безумоўна. І тут трэба зазначыць, што адрозненне Віцебскай вобласці ад іншых не ў структуры, а ў тым, што зніжэнне цэны на нафту паўплывала на “Нафтан”, што, у сваю чаргу, панізіла ўзровень дабрабыту ва ўсім рэгіёне. Гэта ж не толькі пытанне грашовых адлічэнняў у бюджэт. Напрыклад, “Нафтан” меў дамовы з іншымі прадпрыемствамі ў рэгіёне. А гэта азначае, што гэтыя прадпрыемствы не мелі грошай, каб плаціць людзям. Гэтак і вырасла тая колькасць прадпрыемстваў, якія мелі ці маюць праблемы з выплатай заробкаў.

РР: Ці можна сказаць, што праблемы Віцебшчыны – гэта мініяцюрны зрэз праблемаў, з якімі, у прынцыпе, сутыкаецца ўся Беларусь?

Рыгор Астапеня: Мы бачым, што праблемы ва ўсіх падобныя. І гэтак па ўсёй краіне. Таму нават не варта аддзяляць рэгіянальную тэматыку ад агульнарэспубліканскай.

Напрыклад, зараз вельмі папулярная справа Ганны Шарэйкі, якую пасадзілі за нішто, а пасля вызвалілі. Магчыма, яна зноў вернецца на мінулую працу. Мы разумеем, што рэгіянальнае развіццё не мае ніякага дачынення, калі ў справу ўваходзяць дзеянні праваахоўных органаў, якія парушаюць правілы эканомікі. Таму калі гаварыць пра выпраўленне сітуацыі, то трэба вырашаць праблемы на ўзроўні ўсёй краіны, а не рэгіёна. Толькі тады, можа, атрымаецца даць штуршок развіццю рэгіёнаў.

РР: Калі засяродзіцца на патэнцыяле і магчымасцях Віцебшчыны, якім чынам гэты рэгіён мог бы развівацца? Паводле Вас, якім павінен быць першы рэцэпт, каб затрымаць дэмаграфічнае падзенне, праблему з працай і функцыянаваннем прадпрыемстваў.

Рыгор Астапеня: Рэцэпт даволі просты: трэба стварыць сістэму, якая працуе без збояў, справядліва. Неабходны такія дзяржаўныя інстытуты, дзе немагчымы будуць пасадкі людзей на некалькі гадоў без асаблівых падстаў. Як у выпадку з Ганнай Шарэйкай.

Трэба прывесці палітычную сістэму ў адэкватны стан. Сёння ў Беларусі ніхто ні за што не адказвае. Усе чыноўнікі перакідваюць адказнасць і абавязкі адзін на другога. Сістэма ў нас не працуе. Таму спачатку трэба адбудаваць сістэму, а толькі пасля аналізаваць праблемы, глядзець, ці ёсць яны. Бо можа аказацца, што і праблемаў няма.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя