Не надта «саборная» Царква
Руская Праваслаўная Царква адмовілася ад удзелу ва Усеправаслаўным Саборы, які павінен пачацца праз пару дзён на Крыце. Паколькі раней такое рашэнне прынялі іншыя аўтакефальныя цэрквы, можна з упэўненасцю казаць, што рыхтаваны больш за паўстагоддзя Сабор не адбудзецца ў прызначаны тэрмін.
«Ва Усеправаслаўным Саборы павінны ўдзельнічаць усе Цэрквы, і толькі ў гэтым выпадку рашэнні Сабора будуць легітымнымі», – заявіў кіраўнік аддзела знешніх царкоўных зносінаў Рускай Праваслаўнай Царквы – Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён. Па яго словах, не можа быць так, што збяруцца толькі некаторыя цэрквы, прымуць рашэнні, і яны стануць абавязковымі для ўсіх. “Так не бывае,” – заявіў Мітрапаліт. Ён нагадаў, што ў апошнія дні адразу некалькі памесных Праваслаўных цэркваў — Балгарская, Антыяхійская і Грузінская — адмовіліся ад удзелу ў Саборы, а Сербская царква выступіла за яго перанос. Рашэнне РПЦ звязанае менавіта з тым, што ад удзелу ў Саборы адмовіліся іншыя цэрквы, і ў такім выпадку ён не можа лічыцца “Усеправаслаўным” ды ўвогуле не мае сэнсу. Раней Мітрапаліт заявіў, што Сабор у ніякім разе не павінен стаць прычынай расколу ў праваслаўным свеце. “Калі на працягу 55-ці гадоў падрыхтоўка да Сабору яшчэ не завяршылася, некаторыя пытанні яшчэ не выясненыя, дык лепей адтэрмінаваць Сабор, чым праводзіць яго спешна і без удзелу ўсіх цэркваў,” – адзначыў Мітрапаліт.
Сабор павінен быў адбыцца 16-27 чэрвеня на Крыце. Ён не прэтэндаваў за званне “Усяленскага Сабору”. Сем такіх Сабораў адбыліся з 4-га да 8-га стагоддзяў і канчаткова замацавалі дагматычнае вучэнне Царквы. Зараз няма патрэбы займацца дагматычнымі пытаннямі, кананічным ладам і літурнічным жыццём. Для абмеркавання на планаваным Саборы былі падрыхтаваныя бягучыя, надзённыя пытанні. Гэта 6 асноўных дакументаў: пра адносіны Праваслаўя з астатнімі хрысціянамі, пра пост, шлюб, царкоўную місію, спосабы абвяшчэння аўтаноміі праваслаўных цэркваў. Асобна планавалася яшчэ прыняцце адмысловага паслання. Тымчасам шэраг цэркваў а таксама манастыры Афону прапанавалі шэраг паправак, якія неабхдна разгледзець, перш чым збірацца на Сабор. За перанос Сабору на пазнейшы час выступілі: Антыяхійская, Балгарская, Сербская і Грузінская цэрквы. У кожнай з іх свае аргуманты. Для прыкладу, Антыяхійскі Патрыярхат знаходзіцца у спрэчцы з Іерусалімскім Патрыярхатам за юрысдыкцыю над хрысціянскімі грамадамі ў Катары. Рускай Праваслаўнай Царкве не падабаецца, што Канстантынопальскі Патрыярхат бярэ пад сваю апеку частку праваслаўных на яе кананічнай тэрыторыі.
Увогуле, вядомы рэлігіязнавец Раман Сіланцьеў лічыць, што “Сабор не павінен праводзіць “праамерыканскі” Патрыярх Варфаламей і Стамбул, а Масква. “Калі ў свой час у Канстантынопалі меў сваю сядзібу праваслаўны імператар, дык прыярытэт патрыярха гэтага горада быў абгрунтаваны. Аднак зараз у Канстантынопалі мы маем прыхільніка Ісламскай дзяржавы Эрдагана. Дык ці варта давяраць Канстантынопальскаму Патрыярху далікатную справу кансалідацыі праваслаўных?” – задаўся пытаннем прафесар Сіланцьеў.
Палітызаваная заява прафесара здзіўляе. Пры чым тут надуманы “праамерыканізм” Патрыярха Варфаламея? Хутчэй можна гаварыць пра яго празмерны «экуменізм». Пры чым тут Эрдаган? Тут расходзіцца пра іншае: пра амбіцыёзныя спрэчкі за першынства ў праваслаўным свеце. За першынства на тое, каб быць тым “Трэцім Рымам” з 16-га стагоддзя, прэтэндуе Масква, але ж у дыптыху РПЦ займае усяго 5-е месца, калі Канстантынопальскі Патрыярхат – першае месца.
У цэлым, вельмі прыкра і сумна, што больш за паўстагоддзя не хапіла 15-ці аўтакефальным і тром аўтаномным цэрквам, каб дамовіцца і абмеркаваць надзённыя практычныя, недагматычныя пытанні. Як супрацьстаяць выклікам сучаснасці, сэкулярызацыі, экспансіі ваяўнічага ісламу, калі няма згоды ў сваёй праваслаўнай сям’і? Як заявіць, што мы няздольныя на адзінадумства якраз у свята Святой Тройцы, дзень народзінаў Царквы? Гэта ажно сорамна.