У Гародні – турнір па “Манчкіну” для краін СНД
18-га чэрвеня Гародня прыме вялізны рэгіянальны турнір па настольнай гульні “Манчкін” для краін СНД. Турнір адбудзецца ў гандлёвым цэнтры „OLD City”. Гульня “Манчкін” з’яўляецца пародыяй на ралявыя і калекцыйныя картачныя гульні і мае папулярнасць сярод моладзі ад 20 да 30 год. У гульні вялікая колькасць роляў ды персанажаў.
Пра турнір распавядае яго арганізатар Антон Янкоўскі:
– Гэта такі сусветны хіт, якому сёлета спаўняецца 15 год. Адмыслова аўтары гульні робяць вялізны сусветны турнір па гэтай гульні. У нас у Гародні адбудзецца свой рэгіянальны турнір. Пераможцы змогуць паехаць у Маскву на паўфінал. Адпаведна, лепшыя ад СНГ пасля паедуць на фінал. Удзел у гульні бескаштоўны. Падарункі ад выдавецтва “Мир хобби”. Для тых, хто з’яўляецца аматарам гульні, гэта будзе вельмі добрая нагода сабрацца, пагуляць і атрымаць падарункі.
Гародня ўжо стала неафіцыёнай сталіцай настольных гульняў сярод аматараў. У горадзе створана некалькі знакамітых настольных гульняў, сярод якіх вядомая не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі, гульня “Паўстанцы”, якая карыстаецца папулярнасцю ў людзей рознага ўзросту.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня