Палескія песні на фестывалі габрэйскай культуры
Песні з Палесся, панк-рок з Ізраіля, навука традыцыйных танцаў і майстар-класы па гатаванні кашэрных страваў, — гэта толькі некаторыя мерапрыемствы ў рамках фестывалю габрэйскай культуры «Захор — колер і гук». Будуць таксама выступы фальклорных калектываў, арганны канцэрт і пастаноўка тэатральнай групы. У суботу выступіць Вольга Меляшчук з калектывам, якая прадставіць габрэйскія песні з Палесся. Гаворыць арганізатарка фестываля Люсі Лісоўская:
— Гэта праект дзяўчыны, якая мела падвойнае польска-ізраільскае грамадзянства і цяпер жыве ў Ізраілі. Яна збірала матэрыялы з усяго Палесся, а Палессе гэта частка і Беларусі і Украіны. І яна прадставіць нам гэтыя песні з польскімі музыкамі.
Фестываль габрэйскай культуры «Захор» пройдзе ў Беластоку дзявяты раз. А пачнецца з фотавыставы «Візіт папы Францішка ў Ізраіль». Адкрыццё ў суботу апоўдні ў Падляшскай оперы і філармоніі. У рамках фестываля адбудзецца таксама міжнародная канферэнцыя «Габрэі ўсходняй Польшчы». У часе якой медалямі «Справядлівы сярод народаў свету» ўзнагародзяць беластачанаў, якія дапамагалі выратаваць габрэяў ад Халакосту.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя