У Беларусі павялічваецца колькасць захворванняў на рак сярод дзяцей



У Беларусі павялічваецца захворванне на рак сярод дзяцей, паведаміла 15 чэрвеня галоўны дзіцячы анколаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Вольга Алейнікава на IX з’ездзе анколагаў і радыёлагаў краін СНД і Еўразіі, які праходзіць у Менску 15—17 чэрвеня.

Паводле яе слоў, колькасць упершыню захварэлых дзяцей складае каля 1% ад дарослых (штогод на рак захворвае каля 50 тысяч дарослых.).

Алейнікава прадэманстравала наглядныя матэрыялы, з якіх вынікае, што ў цяперашні час захворванне на злаякасныя новаўтварэнні сярод дзяцей да 17 гадоў набліжаецца да 20 выпадкаў на 100 тыс. дзіцячага насельніцтва, у той час як у 2005 годзе — менш за 15 выпадкаў.

У пачатку 1990-х гадоў рост колькасці новаўтварэнняў быў звязаны з павелічэннем выпадкаў раку шчытападобнай залозы, затым быў невялікі спад захворвання, сказала Алейнікава. Сёння, адзначыла дырэктар РНПЦ, «незалежна ад раку шчытападобнай залозы, мы маем уздым захворвання на злаякасныя новаўтварэнні сярод дзяцей».

«Гэта найбольш балючая галіна ў нашай медыцыне. Любая смерць дзіцяці, ад любых прычын, уключаючы анкалагічныя захворванні, ненатуральная. На шчасце, вынікі лячэння дзіцячых анкалагічных захворванняў пераўзыходзяць паказчыкі ў дарослых», — сказала Алейнікава.

Яна падкрэсліла, што смяротнасць ад новаўтварэнняў сярод дзяцей няўхільна зніжаецца. Калі ў 1989 годзе яна складала каля 10 на 100 тыс., у 2005-м — каля трох, то ў 2015-м — 2,5.

У Беларусі пяцігадовая выжывальнасць складае ў дзяцей да 14 гадоў 78%, у падлеткаў 15—19 гадоў — 77%. У 1990—1994 гадах гэты паказчык складаў 58% і 53%.

«Выжывальнасць пасля лячэння злаякасных новаўтварэнняў у дзяцей у Беларусі такая ж, як у Нямеччыне. Гэта наш гонар. Нямеччына — адна з найболшьш перадавых краін у лячэнні злаякасных новаўтварэнняў у дзяцей», — сказала дырэктар РНПЦ.

Шмат у чым вынікі лячэння звязаны з тым, што ў Беларусі пастаянна ўдасканальваюцца пратаколы лячэння раку ў дзяцей, выкарыстоўваюцца маркеры пухліны для выяўлення рэшткавай хваробы, а таксама новыя тэхналогіі тэрапіі хімарэзістэнтных пухлінаў.

Часцей за ўсё сярод пухлінаў у дзяцей дыягнастуюць лейкоз, лімфомы і пухліны цэнтральнай нервовай сістэмы. Гэта тыя ж лакалізацыі рака, ад якіх пакутуюць дзеці ў Нямеччыне, сказала Алейнікава.

Выключэнне — рак шчытападобнай залозы, які ў Беларусі больш распаўсюджаны, чым у Нямеччыне. У Беларусі пік захворванняў дзяцей да 14 гадоў прыйшоўся на пачатак 1990-х гадоў, калі штогод рэгістравалася 80—90 выпадкаў карцыномы шчытападобнай залозы. Гэта тыя дзеці, якія былі апрамененыя ў 1986 годзе ў выніку аварыі на ЧАЭС, сказала ўрач.

Захворванне на рак шчытападобнай залозы сярод падлеткаў ад 15 да 19 гадоў павялічвалася да 2002 года. Падлеткі таксама былі апрамененыя ў 1986 годзе, але захварэлі пазней, сказала Алейнікава.

Цяпер назіраецца пік захворванняў на рак шчытападобнай залозы сярод людзей ва ўзросце 25—29 гадоў. «Вельмі не хацелася б рабіць гэтай высновы, аднак яна напрошваецца сама сабой. Усе, хто апраменіўся, захварэюць на рак шчытападобнай залозы, але ў сваім узросце. Нашы апошнія даследаванні пацвярджаюць гэтыя неспрыяльныя здагадкі», — сказала Алейнікава.

БелаПАН