Палата прадстаўнікоў прыняла ваенную дактрыну



Палата прадстаўнікоў на пасяджэнні 16 чэрвеня прыняла ў другім чытанні законапраект «Аб зацвярджэнні ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь».

Член парламенцкай камісіі па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Мяжуеў адзначыў, што пры дапрацоўцы законапраекта да разгляду ў другім чытанні ўносіліся толькі рэдакцыйныя праўкі.

Як заяўляў 4 красавіка пры разглядзе дактрыны ў першым чытанні міністр абароны Андрэй Раўкоў, папярэдняя дактрына дзейнічала з 2002 года, яна выканала сваё прызначэнне і ўжо не цалкам адпавядае сучаснасці. Новая ваенная дактрына, паводле яго слоў, улічвае змены ваенна-палітычнага становішча вакол краіны, пашырэнне спектра крыніц ваенных пагроз краіне, удакладняе падыходы па вызначэнні ваенных небяспекі для Беларусі.

За апошні час трансфармаваўся характар самой ўзброенай барацьбы, падкрэсліваў міністр. «Сёння акрамя класічных формаў прымянення ўзброеных сіл тыповым стала выкарыстанне стратэгіі непрамых дзеянняў. Яна прадугледжвае вядзенне ваенных дзеянняў чужымі рукамі, масавае задзейнічанне радыкальных экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый, прыватных ваенных кампаній, шырокае выкарыстанне пратэстнага патэнцыялу насельніцтва», — сказаў Раўкоў.

Паводле яго слоў, акцэнт у дактрыне «зроблены на тэндэнцыях, звязаных з распрацоўкай каляровых рэвалюцый і механізмаў па змене канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы шляхам правакавання ўнутраных узброеных канфліктаў».

У дактрыне таксама пашыраны пералік ўнутраных і знешніх пагроз. «Пры гэтым адпаведна пашыраны і пералік мер, якія будзе прымаць дзяржава для арганізацыі сваёй ваеннай бяспекі. Упершыню выкладзеная актыўная пазіцыя па прадухіленні ваеннага канфлікту шляхам прыняцця прэвентыўных мер стратэгічнага стрымлівання», — паведамляў кіраўнік Мінабароны.

Акрамя таго, адзначыў ён, у дакуменце ўлічаныя «усе магчымыя варыянты развязвання агрэсіі супраць Беларусі, у тым ліку на стадыі ўнутранага ўзброенага канфлікту, справакаванага звонку з дапамогай гібрыдных спосабаў проціборства».

Раўкоў таксама паведамляў, што «разам з расстаноўкай прыярытэтаў на саюзніцкія адносіны» з Расеяй у ваеннай дактрыне прапісаная зацікаўленасць у развіцці добрасуседскіх і партнёрскіх адносін з Еўрасаюзам, а таксама імкненне да адкрытасці і развіцця ўзаемаразумення з НАТА. «Асноўная ідэя — мы адкрытыя для супрацоўніцтва для ўсіх, але пры ўмове захавання нацыянальных інтарэсаў Беларусі», — заяўляў міністр.

Пры гэтым падкрэслівалася: нягледзячы на вялікі аб’ём змен, ваенная дактрына Беларусі захоўвае абарончы характар.

БелаПАН