Немцы — палякі: цуд прымірэння



17 чэрвеня прыпадае важная гадавіна. Роўна 25 гадоў таму Польшча і Нямеччына падпісалі «Трактат аб добрасуседстве і сяброўскім супрацоўніцтве». «Мы не можам сабе дазволіць на недавер і прадузятасць». «Палякі і немцы наблізіліся да сябе дзякуючы абранню агульных мэтаў», —заявілі падчас учорашняй сустрэчы ў Берліне прэзідэнты Польшчы і ФРГ Анджэй Дуда і Ёахім Гаўк.

17 чэрвеня 1991 года ў Боне: прэм’ер Польшчы Ян Кшыштаф Белецкі і канцлер ФРГ Гэльмут Коль, а таксама міністры замежных справаў: Кшыштаф Скубішэўскі і Ганс-Дзітрых Гэншэр падпісалі «Трактат аб добрасуседстве і прыязным супрацоўніцтве». Гэта было дапаўненне падпісанага 14 лістапада 1990 года «Трактата аб зацвярджэнні польска-нямецкай мяжы». Разам з так званай «Імшой прымірэння» у Крыжовай 12 лістапада 1989 года, дакументы сталі краевугольным каменем двухбаковых адносінаў за апошнюю чвэрць стагоддзя. Дамоўленасці былі аднолькава важныя для абодвух бакоў. Для Польшчы яны азначалі нармалізацыю адносінаў са спрадвечным, гістарычным ворагам і прызнанне мяжы на Одэры і Нысе Лужыцкай. Для ФРГ гэта была адна з умоваў уз’яднання, якога не было б, калі б не польская «Салідарнасць» у 80-м годзе, і не маральная падтрымка з боку Яна Паўла ІІ. Без гэтых гістарычных пераменаў у Польшчы не адбылося б падзення «берлінскай сцяны» 9 лістапада 1989 года. Дамовы паклалі фундамент пад абсалютна ўсебаковае супрацоўніцтва. Нямеччына — найбольш магутная ў сэнсе эканомікі і колькасці насельніцтва краіна падтрымала імкненне Польшчы да сяброўства ў НАТО і Еўразвязе. Для Польшчы ў 2015 годзе Нямеччына стала першым гандлёвым партнёрам, а Польшча для ФРГ —сёмым, з тавараабаротам амаль у 90 мільярдаў еўра, большым за нямецка-расейскі тавараабарот.

Цягам 25 гадоў амаль цалкам змянілася ўзаемнае ўспрыняцце, зніклі варожасць і недавер. Яго болей у старэйшага пакалення, якое памятае жахі апошняй вайны. Распрацоўваецца нават адзін агульны падручнік гісторыі. Праўда, ёсць некаторыя, бягучыя непаразуменні, напрыклад у пытанні ўцекачоў, стаўлення да санкцыяў супраць Расеі ці пабудовы другой ніткі газаправоду Nord Stream, без уліку энергетычнай бяспекі Польшчы. Дадаткова, новы польскі, больш еўраскептычны ўрад, значна больш холадна ставіцца да немцаў і да еўрапейскай інтэграцыі за ранейшыя кіруючыя эліты. Існуе небяспека, што дасягненні ва ўзаемным прымірэнні і цесным супрацоўніцтве паміж ФРГ— найбольш уплывовай краінай у Еўразвязе і Польшчай —лідарам сярод краін цэнтральнай і ўсходняй Еўропы, са шкодай для ўсяго Еўразвязу, могуць быць часткова змарнаваныя. Вось таму прэзідэнты Дуда і Гаўк гаварылі, што «перад абліччам новых выклікаў мы не можам сабе дазволіць вярнуцца да ранейшай варожасці і недаверу, бо падзеленая Еўропа азначала б паразу вялікай ідэі аб’яднання».

Нямецка-польскае прымірэнне з’ява параўнальная альбо большая чым нямецка-французскае прымірэнне. Гэта феномен і своеасаблівы цуд, большым за які было б хіба толькі ізраільска-палестынскае прымірэнне. Пасля стагоддзяў супрацьстаяння, войнаў і варожасці, два спрадвечныя ворагі спаглядаюць адзін на аднаго не проста з дыпламатычнай карэктнасцю, але са шчырай сімпатыяй і павагай, альбо, прынамсі, без непрыязнасці. Не адбылося гэта імгненна і існуе яшчэ пэўная доза гістарычна закадаванай насцярожанасці, але і гэта паступова знікае. Сёння двум суседнім народам сапраўды ёсць што святкаваць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ