Працягваецца змаганне за Цэнтр Заменгофа ў Беластоку



Амаль 1400 подпісаў супраць ліквідацыі Цэнтра імя Заменгофа ў Беластоку сабралі прадстаўнікі “Грамадзянскай платформы” і “Маладыя дэмакраты”.

CentrumimLudwikaZamenhofa1_male

Подпісы разам з праектам пастановы пра адмену рашэння пра ліквідацыю цэнтра яны падалі ў магістрат. Цяпер чыноўнікі прэзідэнта горада Тадэвуша Трускаляскага маюць тры месяцы на тое, каб разгледзець праект і паставіць яго на галасаванне на пасяджэнні ўправы горада.

Паводле Паўла Якімюка з “Маладых дэмакратаў”, ініцыятары збору подпісаў адчулі вялікую падтрымку з боку жыхароў Беластока:

– Шмат асобаў вельмі актыўна ўключыліся ў гэта, нават забіралі лісты дадому, падпісвалі іх і прыносілі пасля нам. Я веру ў тое, што сабраныя намі подпісы не будуць праігнараваныя і штосьці зменіцца ў справе Цэнтра імя Заменгофа.

З пачатку 2017 года Цэнтр Заменгофа перастане існаваць. У сотую гадавіну смерці найбольш вядомага беластачаніна – стваральніка мовы эсперанта – цэнтр, які носіць яго імя, будзе ўключаны ў Беластоцкі асяродак культуры.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота kajar.eu