Чорны дзень Крышціяну Раналду



У суботу на Еўра быў завершаны другі тур. Гэты дзень не вызначыў новых удзельнікаў плэй-оф, аднак пасьянс склаўся так, што ў групе “Е” датэрмінова выявіўся пераможца квартэту – ім стала дружына Італіі.

Матч Бельгіі і Ірляндыі быў надзвычай важны найперш для заходніх еўрапейцаў. Празмерна асцярожная, ажно да баязлівасці тактыка ірляндцаў, прычым другі матч запар,  урэшце зноў падвяла іх. Зялёныя занадта доўга запрагалі, нібы і не збіраліся “паехаць”.

Індывідуальна ж моцныя футбалісты Бельгіі на гэтым турніры ніяк не маглі скласціся ў цэласны камандавы пазл. Не ладзіўся ў іх пазіцыйны наступ і ў гэты дзень. У першым тайме інтэрнацыянальная каманда толькі і здолела, што загнаць мяч у сетку з афсайду. А вось у другой палове бельгійцам удалася ўзорная распасоўка – пасля больш чым 20 перадач Кевін дэ Брэйне асіставаў Рамелу Лукаку – і форвард брытанскага “Эвертана” на гэты раз не схібіў. Ірляндцы спахапіліся, але ў памкненні адыграцца прапусцілі яшчэ два аналагічныя ўколы з контратак. Пры тым бязлітасна і справядліва раней крытыкаваны Лукаку аформіў дубль.

Бельгія-Ірляндыя-3:0 (Рамелу Лукаку, 48, 70, Аксель Віцэль, 61).

Становішча ў групе “Е”: Італія – 6 ачкоў, Бельгія – 3, Швецыя – 1, Ірляндыя – 1.

Ісляндцы ў паядынку з мадзьярамі ў Марсэлі захавалі абсалютна той жа стартавы склад, што і ў першым спатканні з Партугаліяй. Астравіцяне зноў сведама аддалі апанентам ініцыятыву і дзеілі другім нумарам. Венгры пакінулі чарговы раз пазітыўнае ўражанне, хоць і загразалі ў жалезабетонных абарончых канструкцыях суровых вікінгаў. Паўночнікі дачакаліся свайго шанца ў выглядзе пенальці – Гюльфі-Тор Сігурдсан пры выканнні быў бездакорным. Да гонару мадзьяраў яны не апусцілі рукі і да канца верылі ў сваю зорку. За што і былі ўзнагароджаны лагічным аўтаголам суперніка.

Ісляндыя-Венгрыя-1:1 (Гюльфі-Тор Сігурдсан, 39, з пенальці; Біркір-Мар Сэварсан, 87, аўтагол)

Закрывалі праграму другога туру Партугалія з Аўстрыяй. Сустрэча забітых мячоў не прынесла, зноў апусціўшы сярэднюю выніковасць турніра ніжэй адзнакі 2. Аднак матч фантанаваў жыццём, найперш дзякуючы партугальцам. Пірэнейцы паслядоўна спявалі гімн атацы, хоць мяч фатальна не знаходзіў шляху ў чужую браму. Аўстрыякі дзеілі дастаткова брутальна, іх фалы былі празмерна жорсткімі, і каб не пэўны лібералізм італійца Ніколы Рыццолі, маглі б застацца ў меншасці. У дэбюце Марцін Харнік высакародна прабачыў пазіцыйны пралік партугальцаў, а далей было шоў, галоўныя ролі ў якім гралі Крышціяну Раналду і галкіпер альпійцаў Робэрт Альмэр. Зорны партугалец, які ў гэты дзень стаў рэкардсменам нацыянальнай дружыны па колькасці праведзеных матчаў, адчайна біў з усіх пазіцый, але безвынікова. Брамнік аўстрыякаў перажыў свой пік кар’еры, здзейсніўшы ў матчы ажно 7 эфектных сэйваў. Кульмінацыя наступіла, калі арбітр за фол на Раналду прызначыў 11-мятровы. Пакуль галоўны няўдачнік Еўра сам пайшоў выконваць яго і трапіў у штангу. Статыстыка ж зафіксавала, што Раналду не забіў з апошніх сваіх 5-ці пенальці ажно 4. Так аўстрыякі дамагліся першага заліковага пункту на турніры.

Партугалія-Аўстрыя-0:0

Становішча ў групе “F”: Венгрыя – 4 ачкі, Ісляндыя – 2, Партугалія – 2, Аўстрыя – 1.

У нядзелю фінішуюць дружыны квартэту “А”. У адзін час позна ўвечары выйдуць на газон Румынія з Албаніяй і Швайцарыя з Францыяй. Прыгадаем дыспазіцыю:

Францыя – 6 ачкоў, Швайцарыя – 4, Румынія – 1, Албанія – 0.

Геаграфічныя суседзі пазмагаюцца за першынства ў групе, прычым “трохкаляровых” абсалютна задаволіць і нічыя. На кароткую памяць прыгадваецца рандэву на апошнім мундыялі – тады французы разграмілі “крыжакоў” – 5:2. Настала пара паўнацэннага рэваншу?

Аўтсайдары ж будуць біцца паміж сабой толькі за вікторыю і апошні шанц трапіць у плэй-оф. З гісторыі прыгадаем, што яны сустракаліся 18 разоў, а албанцы не перамалі румынаў амаль 70 гадоў – з далёкага 1948 году.

Вядомыя ўжо тры ўдзельнікі 1/8-й фіналу: Францыя, Іспанія і Італія.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя