Палітычны покер



Пятага верасня ў сталіцы Беларусі быў падпісаны пратакол па выніках паседжання кантактнай групы па Украіне. Сама назва гэтага дакумента ўжо гаворыць за сябе. “Пратакол па выніках кансультацый Трохбаковай кантактнай групы адносна сумесных крокаў, скіраваных на імплементацыю Мірнага плана Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі і ініцыятыў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна”. Ну чаго добрага можна чакаць ад дакумента з такой назвай? Шэраг аналітыкаў ужо прадказваюць яму нядоўгае існаванне, калі такое будзе ўвогуле. Бо “план Парашэнкі” і “ініцыятывы Пуціна” – гэта рэчы дыяметральна супрацьлеглыя. Па іх дамовіцца немажліва ў прынцыпе. Кіраўнік Украіны марыць пра незалежную дзяржаву ў яе непарушных межах, уключаючы Крым, а таксама Луганскую, Данецкую вобласці, ды іншыя ўкраінскія тэрыторыі. Ну а Пуцін Крым абвясціў тэрыторыяй Расейскай Федэрацыі, спрэчнымі землямі лічыць не тое, што той Луганск з Данецкам, але нават і Адэсу, а ўкраінскую дзяржаўнасць разглядае як недарэчную памылку гісторыі, якую трэба тэрмінова выпраўляць. Зрэшты, чым ён паслядоўна, апантана ды паспяхова і займаецца апошнім часам. Дык вось, па законах жанру, калі два такіх супрацьлеглых погляды ўсаджваюцца за адным сталом для падпісання агульнавыпрацаванай канцэпцыі, то гэта можа азначаць толькі адно – што як мінімум адзін з бакоў прадстаўляе падманшчык. Шулер. Таксама здаўна вядома яшчэ з тэорыі і практыкі картачных гульняў у покер, бакару і нават у дурня, што сумленны гульбок прайграе шулеру не ў час гульні, а калі толькі сядае з ім за адзін стол. Не хочаш каб цябе цынічна падманулі – не сядай з шулерам. А калі нейкі наіўны гульбок усё ж спадзяецца сам падмануць шулера, то на гэта ёсць яшчэ адна народная мудрасць, якая сцвярджае, што подлага не перападліш, нахабнага не перанахабнічаеш, а ілжывага не пераілжэш. Пры ўмове, што ты сам не большы падлюка чым той. Ну то так і сталася. Як спяваў некалі Уладзімір Высоцкі “не прайдзе і поўгода”, а ў нашым выпадку не прайшло і паўсутак, як абодва бакі звінавацілі адзін аднаго ў парушэнні падпісаных дамоўленасцяў. Што і трэба было даказаць. Бо шулер не толькі ніколі не вядзе чэснай гульні, але яшчэ заўсёды абвінавачвае ў шулерстве свайго апанента. І так таму і трэба. Бо няма чаго сядаць за адзін стол з шулерам. Але нават каб ніхто не парушыў гэтага пагаднення, а ў будучым, уявім сабе такі цуд, абодва бакі пачнуць яго выконваць бездакорна, то што мы бачым у ім. Спыніць агонь і памяняцца палоннымі справа святая. Проста такія дамоўленасці лепш выконваюцца, калі пра тое дамаўляюцца самы ваякі, а не палітыкі. Ну а што далей? Далей мы бачым, што ў Менску бакі дамовіліся па-сутнасці пра асаблівы статус Луганшчыны ды Данеччыны. Дамовіліся правесці там дэцэнтралізацыю ўлады. І яшчэ пра выбары там у мясцовыя ворганы ўлады, нібыта нехта верыць у мажлівасць правядзення ў гэтых рэгіёнах справядлівых выбараў. І гэты дакумент, разам з былым украінскім кіраўніком, расейскім паслом і паслом АБСЕ падпісвалі і прадстаўнікі сепаратыстаў. Ну дык менавіта гэтага патрабаваў Крэмль яшчэ да пачатку баявых дзеянняў! Узнікае лагічнае пытанне – навошта цяпер ён будзе мяняць нешта ў сваёй тактыцы і стратэгіі, калі яны прыносяць яму перамогу? Прычым на ўсіх франтах. І на палітычным таксама. Мяркуйце самы. Еўрапейцы, замацаваўшы патрабаванні, а значыць і перамогу Масквы дакументальна, пачалі ўжо разважаць пра замарожванне працэсу пашырэння санкцый супраць Расеі. І ніхто нават не заікаецца, што яшчэ некалькі месяцаў назад, такія рэчы як дэцэнтралізацыя ўкраінскай улады, або удзел у перамовах сепаратыстаў, лічыліся недапушчальнымі. Ну што ж. Зараз, хаця б дзеля смеху, застаецца толькі перапісаць тое, што сёння лічыцца недапушчальным. Прыкладам, пагрозы цэласнасці тэрыторый некаторых усходніх чальцоў НАТА, каб заўтра гэтае пытанне зноў убачыць у чарговых дамоўленасцях, як другасную па значэнню тэму новых палітычных перамоў. Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ