У Осла пройдзе VІ Сусветны Кангрэс супраць смяротнага пакарання
Шосты Сусветны Кангрс супраць смяротнага пакарання распачынае працу 21 чэрвеня а 17-й гадзіне ў будынку Оперы ў Осла.
22 чэрвеня падчас Сусветнага Кангрэсу супраць смяротнага пакарання адбудуцца мерапрыемствы, прысвечаныя праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама будзе прэзентаваная англамоўная версія дакументальнай кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”.
Любоў Кавалёва ў Нарвежскім Хельсінкскім камітэце напярэдадні Шостага Сусветнага Кангрэсу супраць смяротнага пакарання
Для маці расстралянага па справе тэракту ў менскім метро Уладзіслава Кавалёва, Любові Кавлёвай, якая таксама ўваходзіць у склад беларускай дэлегацыі, кангрэс з’яўляецца чарговай нагодай распавесці пра лёс свайго сына:
– Хачу, каб увесь свет ведаў, што наша Беларусь адзіная на ўсёй еўрапейскай і постсавецкай прасторы, дзе існуе смяротная кара. Як аказалася, што людзі цікавяцца справай майго сына. Мы сюды прывезлі буклеты, дзе раздрукавалі рашэнне Камітэта па правах чалавека. Мы нагадваем пра тую несправядлівасць, якая адбылася з маім сынам і са мной.
Мараторый або адмена смяротнага пакарання ўжо цягам больш як 20 гадоў з’яўляецца ўмовай для ўступлення Беларусі ў Раду Еўропы.
Сярод выступоўцаў кангрэса – Любоў Кавалёва, прадстаўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, а таксама каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя