Праграму Каліноўскага трансфармавалі ў праграму стажыровак



Праграму атрымання вышэйшай адукацыі імя Кастуся Каліноўскага для беларусаў у Польшчы трансфармавалі ў праграму стажыровак. Пра гэта паведаміла старшыня камітэта абароны рэпрэсаваных „Салідарнасць” Іна Кулей.

З новага навучальнага года пачнецца рэалізацыя Стыпендыяльнай праграмы ўрада Рэспублікі Польшча імя Каліноўскага — II. Новая праграма разлічаная на беларускіх грамадзян з магістарскай ступенню ў галіне сацыяльных, гуманітарных навук, эканомікі і права. Яна з’яўляецца працягам і развіццём стыпендыяльнай праграмы заснаванай у 2006-м годзе. Узрост кандыдатаў (акрамя выключных выпадкаў) — да 39-ці гадоў.

Іна Кулей падкрэсліла, што гаворка ідзе пра магчымасць індывідуальных акадэмічных стажыровак на аснове праектаў, прадстаўленых у рамках заяўкі кандыдатаў. Кожны з адабраных кандыдатаў зможа атрымліваць стыпендыю, якая складае прыкладна 600 даляраў у месяц, на працягу 10 месяцаў. Польскі ўрад лічыць, што колькасць рэпрэсаваных у Беларусі зменшылася, таму для таго, каб стаць удзельнікам праграмы Каліноўскага-II, неабавязкова быць рэпрэсаваным.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота generation.by