Знойдзены новыя акалічнасці высылкі Уладзіміра Крэйцэра
Высветліліся новыя акалічнасці высылкі першага гаспадара „дома Крэйцэра” ў Гародні падчас Першай сусветнай вайны.
Гарадзенскі даследчык Віталь Карнялюк, які вывучае лёсы ўцекачоў, трапіў на цікавыя дакументы, якія прасвятляюць лёс Уладзіміра Крэйцэра і ягонай сям’і, працуючы ў Расейскім Дзяржаўным архіве ў Маскве. Памяць пра Крэйцэра ў Гародні засталася ў адным з напрыгажэйшых будынкаў на вуліцы Сацыялістычнай, які цяпер амаль адрэстаўраваны.
– На тэрыторыі двара ля ягонага дома знаходзілася галубятня. Паштовыя галубы былі сродкам сувязі. І гэта было пастаўлена яму ў віну. І той факт, што ён не адразу адчыніў ноччу дзверы нарада вайскоўцаў, якія без усялякага папярэджання грукалі ў дзверы, і ў рэшце прымусілі Крэйцэра адчыніць. І гэта стала галоўнай падставай для абвінавачвання, быццам бы ён у гэты час паліў нейкія шпіёнскія паперы.
Уладзімір Крэйцэр быў абвінавачаны ў супрацы з нямецкімі войскамі. Доказаў такога абвінавачвання не было знойдзена, але тым не меньш, высылка ва Украіну сям’і Крэйцэра была забяспечана. У сваім доме да высылкі Уладзімір Крэйцэр прадаваў газавыя ліхтары з Паўночнай Амерыкі, а таксама музычныя інструменты.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара