Любоў Кавалёва: Дарогу адолее той, хто ідзе



Беларусь чарговы раз у цэнтры ўвагі міжнароднага праваабарончага руху.

У межах 6-га Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання, які пачынае працу сёння, 21 чэрвеня, у нарвежскім Осла, пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама прэзентуюць англамоўную версію дакументальнай кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”.

Сярод выступоўцаў  прадстаўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда.

Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва, маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва, якая таксама ўваходзіць у склад беларускай дэлегацыі, спадзяецца, што кангрэс стане нагодай чарговы раз распавесці пра гісторыю яе сына.

Любоў Кавалёва: Пра тое, што выконваюцца ў нас смяротныя прысуды, каб увесь свет ведаў, што наша краіна, наша Беларусь адна на ўсёй еўрапейскай і постсавецкай прасторы, якая выконвае прысуды, то бок існуе смяротнае пакаранне. Як аказалася, людзі цікавяцца справай майго сына, мы таксама сюды прывезлі буклеты, дзе надрукавалі рашэнне Камітэта па правах чалавека. Трэба прыгадваць пра тую несправядлівасць, якая адбылася з маім сынам, у тым ліку ў адносінах да мяне.

РР: Ці адчуваеце вы нейкую такую падтрымку і цікавасць менавіта да беларускай сітуацыі з боку праваабаронцаў ці ўдзельнікаў канферэнцыі з іншых краін?

Любоў Кавалёва: Канешне, цікавяцца калі кажу пра тое, хто я і чыю краіну прадстаўляю, канешне, ёсць цікавасць і ўвесь час мы пра гэта кажам, і пра справу майго сына. Мы сустракаліся з журналістамі ў Осла, дзе журналісты напісалі артыкул пра тое, што адбылося з маім сынам. Цікавасць ёсць, і я думаю, што мая задача пра гэта казаць.

^B2765F6FC64AA28FEEA4D6880A669C75F1815C25C938DD9159^pimgpsh_fullsize_distr

РР: Кангрэс – гэта вялікае мерапрыемства, у якіх частках і дзе беларусы змогуць расказаць пра тую сітуацыю са смяротным пакараннем, вашу гісторыю? Дзе вы зможаце расказаць, у якіх секцыях, у якіх панелях?  

Любоў Кавалёва: Заўтра будзе мой выступ, і мы будзем пра гэта казаць. Сёння ў нас ідзе падрыхтоўка, мы расклалі свае кнігі, кашулькі “НЕ – смяротнаму пакаранню ў Беларусі!”, рашэнні, петыцыі. Заўтра будзе наш выступ.

^E19909CD94C43FF19A522A783889A6D755F76B74A3F86E1A5D^pimgpsh_fullsize_distr

РР: Вы ўжо шмат гадоў змагаецеся за адмену смяротнага пакарання, каб лёс, які вас напаткаў, не напаткаў больш ніводную маці. Паводле вас, ці штосьці рушыць з месца? Ці пачало беларускае грамадства па-іншаму ставіцца да пытання смяротнага пакарання?

Любоў Кавалёва: Як бы ні было сумна казаць, гісторыя майго сына, канешне, пераламіла-такі стэрэатып у свядомасці людзей, што смяротнае пакаранне ў нас недапушчальнае, то бок немагчыма пасля выправіць памылкі, і менавіта справа майго сына, паводле апытанняў, то бок больш за 70% насельніцтва на той момант было гатовае да таго, каб адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі.

^F3B0ED6482321F2EC943A835355F87D0322ED6686475B1492E^pimgpsh_fullsize_distr

РР: Сёння некаторыя эксперты кажуць, што пытанне смяротнага пакарання – гэта адно з тых пытанняў, якое Менск афіцыйна прапануе Еўропе для нармалізацыі. Ці верыце ў тое, што бліжэйшым часам гэтыя пытанні ўсё ж будуць вырашаныя?

Любоў Кавалёва: Ведаеце, дарогу адолее той, хто ідзе. Будзем спадзявацца, што ўсё ж такі мы прыйдзем да такога рашэння, што смяротнае пакаранне – гэта жахлівае пакаранне нават для людзей, якія здзейснілі злачынства. То бок у нас ёсць альтэрнатыва – пажыццёвае зняволенне, мне здаецца, нічога больш жахлівага няма.     

Беларусь па-ранейшаму з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, у якой не толькі выносяць, але і выконваюць смяротныя прысуды. Мараторый або адмена смяротнага пакарання ўжо цягам больш 20 гадоў з’яўляецца ўмовай уступлення Беларусі ў Раду Еўропы.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя