Вольга Дамаскіна: Спачатку аплацілі маё навучанне, а цяпер звальняюць
Адміністрацыя Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адмовілася працягваць кантракт з актывісткай Руху „За Свабоду” Вольгай Дамаскінай. Яна заявіла кіраўніцтву пра сваё жаданне балатавацца ў парламент і лічыць звальненне палітычна матываваным.
Вольга працуе ўжо 16 гадоў у Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музее-запаведніку. З 2012 года загадчыцай музея традыцыйнага ткацтва Паазер’я. У 2016 годзе атрымала другую адукацыю ў Інстытуце культуры Беларусі па кваліфікацыі „Музеязнаўца”.
„3 чэрвеня я пайшла да дырэктара, каб даведацца, ці працягнуць са мной кантракт, які ў мяне да 31 ліпеня. Тым больш апошнім часам мяне вельмі часта папярэджвалі пра тое, што ў мяне заканчваецца кантракт (як на словах, так і дзеяннямі: са мной перасталі раіцца па працоўных пытаннях, якія я, як загадчыца музея непасрэдна павінна была вырашаць). Калі я пачала размову пра працягненне кантракта, дырэктар мне сказала, што пакуль не вырашыла, будзе думаць да 30 чэрвеня. Я ёй распавяла, што буду ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах”, — расказала Вольга Дамаскіна.
Па яе словах, дырэктарка ў размове адзначыла, што Вольга „даўно перарасла гэты музейны ўзровень, трэба ісці вышэй, і вельмі добра, каб у парламенце быў бы хоць адзін чалавек, які ведае музейную справу”.
„Рассталіся мы на тым, што яна будзе думаць. Але я ж працую ў жаночым калектыве, і мне мае калегі амаль што адразу расказалі, што калі я сыйшла — кіраўніцтва агучыла, што працягваць кантракт са мной не будзе. І цяпер у калектывах іншых музеяў ужо пачалі хадзіць нейкія размовы, і ўжо іншым людзям прапанаюць мае месца”, — падкрэсліла актывістка Руху „За Свабоду”.
Дамаскіна падкрэсліла, што дырэктара запаведніка яна паважае і заўсёды паважала за яе погляды, за тое што яна вельмі шчыра бараніла інтарэсы горада, запаведніка, за яе адданасць працы, прафесіяналізм у музейнай справе, а таксама не ціснула на яе з-за палітычных поглядаў.
Па правілах запаведніка паведамленне пра спыненне кантракта выдаюць за 1,5 месяцы, але ў калектыўнай дамове прапісана, што не пазней за месяц, патлумачыла яна.
„Я люблю сваю працу, свой музей і хачу працаваць далей. А мой удзел у парламентскіх выбарах даў бы магчымасць публічна агучыць не толькі праблемы краіны, горада, але і музейнай справы, культуры. Сёння трэба перастаць бачыць музеі проста як месца, дзе захоўваюцца экспанаты, трэба каб яны былі цэнтрамі культуры, якія генеруюць культурныя ініцыятывы, заклікаюць людзей да дыялогу і такім чынам не толькі выхоўваюць нацыянальна свядомага чалавека, але і ўплываюць на развіццё культурнага асяроддзя рэгіёну”, — заключыла Вольга Дамаскіна.
Яна падкрэсліла, што пайшла атрымліваць другую адукацыю менавіта каб працаваць у музеі, і спецыялістаў з гэтай адукацыяй амаль няма ў полацкім запаведніку.
„Навошта не працягваць кантракт, калі запаведнік аплочваў мае навучанне? І тое, што кантракт пагражаюць не працягнуць, я звязваю толькі з тым, што вырашыла ўдзельнічаць у выбарах”, – заключыла актывістка Руху.