Валер Бычкоўскі: Затрымалі, склалі пратакол, скралі шэўроны
Вяртаючыся са спаборніцтваў спартыўна-патрыятычнага клуба “Ваяр” у нядзелю, 19 чэрвеня, Валер Бычкоўскі нават не падазраваў, што наперадзе яго чакаюць сапраўдныя выпрабаванні. І не на паласе перашкодаў, а на звычайнай станцыі менскага метро.
Спусціўшыся ў метро на станцыі “Усход” Бычкоўскі разлічыўся за праезд і прайшоў праз турнікет, як раптам пачуў ззаду голас інспектара службы бяспекі: “Мужчына, пачакайце, прад’явіце рэчы на дагляд”. Той адказаў, што ўжо аплаціў праезд і яшчэ раз гэта рабіць не збіраецца. Пасля чаго спусціўся на перон чакаць цягніка. Аднак праз хвіліну шлях у вагон яму перагарадзіў інспектар, паведаміўшы, што ў вагон яго не пусціць і мае права затрымаць.
Бычкоўскі не збіраўся скандаліць і патлумачыў, што трэба было рэчы правяраць раней, а не тады, калі аплочаны праезд. Інспектар выклікаў на дапамогу дзяжурнага супрацоўніка міліцыі і патлумачыў, што грамадзянін не жадае прайсці на праверку рэчаў.
У сваю чаргу Бычкоўскі казаў пра тое, што праезд быў аплочаны, а калі нехта жадае здзейсніць дагляд ягонага заплечніка, дык няхай гэта робяць тут, на пероне. А пра тое, чым гэты канфлікт завяршыўся, распавядае Валер Бычкоўскі:
– Яны схапілі мяне з абодвух бакоў, пачалі выкручваць рукі, павалілі, доўга коўзалі па падлозе і ўрэшце начапілі на мяне, як на нейкага злачынцу, кайданкі. Гэта ўсё бачылі людзі. Пры гэтым адарвалі срэбную завушніцу. Затым мяне завялі ў пакой міліцыі, дзе сталі пісаць нейкую паперу. Я доўга дамагаўся, каб супрацоўнік міліцыі назваў сябе. З восьмай спробы той паказаў свой бэйдж: Алег Гайскі. Мяне апытвалі, але пры гэтым заўважыў, што я кажу ім адно, а яны пішуць зусім іншае. Тады я адмовіўся нешта тлумачыць і міліцыянт выклікаў маёра, які паводзіў сябе больш адэкватна.
Пасля складання пратакола апытання, супрацоўнікі міліцыі знайшлі ў рэчах некалькі шэўронаў з “Пагоняй” і нашыўку клуба СПК “Ваяр” з шасціканцовым крыжам. Здзівіўшыся такой знаходцы, хаця такія ж шэўроны былі нашытыя на вопратцы Валерыя, супрацоўнік міліцыі пачаў спехам некаму тэлефанаваць і ўрэшце яго павезлі на медычную экспертызу, якая засведчыла поўную адсутнасць алкаголю ў крыві.
Затым Бычкоўскага адвезлі ў аддзяленне міліцыі і пакінулі нанач у “малпоўніку”:
“Ранкам давялося доўга чакаць нейкага рашэння. Толькі ў 11 гадзін мне паведамілі, што складзены пратакол за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі (арт 23.4 КаАП РБ) і мяне зараз павязуць у суд. Прагледзеўшы асабістыя рэчы, якія мне вярнулі ранкам, я заўважыў, што адсутнічаюць шэўроны. На патрабаванне вярнуць іх, яны сказалі, што зробяць гэта потым, а самі хадзілі па калідоры і паказвалі іх іншым супрацоўнікам”, – распавядае Бычкоўскі.
У судзе Першамайскага раёна Менска суддзя вырашыў выклікаць на разгляд справы ў якасці сведкі кантралёра службы бяспекі і перанёс пасяджэнне на 11 гадзін раніцы 23 чэрвеня.