Буйная кантрабанда беларускіх цыгарэтаў
Функцыянеры мытнай службы ў Будзіску выкрылі кантрабанду 90 тысяч пачак беларускіх цыгарэтаў. Тытунь мытнікі знайшлі ў грузавіку які правозіў ізаляцыйную плёнку з Літвы ў Галандыю, кажа прэс-сакратар мытнай службы ў Беластоку Мацей Чарнэцкі:
— 50-гадовы кіроўца грузавіка сцвярджаў, што вязе у Галандыю груз з ізаляцыйнай плёнкай і пластыкавай сеткай. У выніку дакладнай праверкі з удзелам трэнаванага на пошук цыгарэтаў сабакі выйшла, што ў рулонах і ізаляцыйнай плёнкай была схаваная кантрабанда. Агулам у 130 рулонах мытнікі знайшлі 90 тысяч пачак цыгарэтаў на суму не менш за мільён злотых.
Супраць 50-гадовага кіроўцы мытная служба распачала крымінальную справу і канфіскавала нелегальны тавар і грузавік. Кантрабандысту пагражае вялікі штраф, канфіскацыя цыгарэтаў і машыны, а таксама пазбаўленне волі да 10 гадоў.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота:scelna.gov.pl