“Усечыноўніцкі” Сход
Сёньня у Меску ў Палацы Рэспублікі адкрыўся V Усебеларускі народны сход. У ім бяруць удзел 2,5 тысячы дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама больш за 100 гасцей з замежжа. Галоўная мэта Сходу – абмеркаванне і прыняцце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшую 5-годку да 2020-га году.
Паводле задумы кіраўніка дзяржавы, Усебеларускі народны сход — агульны сход прадстаўнікоў усіх галінаў улады, кіраўніцтва і рабочых прадпрыемстваў, дзеячоў навукі і культуры. На яго вылучаюцца дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны. Яны даюць сваю ацэнку працы ўлады за мінулую пяцігодку і вызначаюць асноўныя напрамкі і прыярытэты эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны на наступныя 5 гадоў. Першы Сход прайшоў у 96-м годзе, затым у 2001-м, 2006-м, у 2010-м. Як выключнай важнасці падзею, яе ход, транслююць вядучыя дзяржаўныя медыі: тэлеканал „Беларусь 1” , міжнародны спадарожнікавы тэлеканал „Беларусь 24″, а таксама Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. Яшчэ 26 траўня на нарадзе, прысвечанай палажэнням «Праграмы» на наступную пяцігодку, Лукашэнка заявіў: «Мы не збіраемся тут займацца нейкім піярам. Нам трэба сапраўды вызначыцца, як мы будзем дзейнічаць у будучай пяцігодцы. Нам трэба заставацца у трэндзе сусветнай эканомікі, навукі, прагрэсу. Адставаць ні ў якім разе нельга”.
Ва ўступнай прамове кіраўнік дзяржавы заявіў, што чакае пераходу ад дагоньвання да апярэджвання іншых краін. Ён выказаўся супраць радыкальных рэформаў. „Трэба мадэрнізаваць эканоміку, выпускаць інавацыйную, якасную, канкурэнтаздольную прадукцыю, павышаць эфэктыўнасць працы, праводзіць інфарматызацыю, скараціць датацыі стратным прадпрыемствам, удасканальваць сістэму дзяржкіравання, даць чыноўнікам больш свабоды дзеення, але і строга ацэньваць іх працу. Трэба скарачаць дзяржапарат, але разумна. У цэлым трэба не ламаць, але ўдасканальваць тое, што ўжо праверанае часам.” Ён заявіў пра неабходнасць «лібералізацыі фінансавага рынку», «прыцягненне інвестыцыяў на суму больш як 20 мільярдаў даляраў». Лукашэнка зрабіў стаўку на АЭС і электарэнэргію. Ён даручыў шукаць у зямлі прыродныя рэсурсы. Ад цяперашняй рэцэсіі ён прадказаў эканамічны рост на 15%. Экспарт павінен павялічыцца на 50% за кошт новых рынкаў, у дзвюх Амерыках, у Афрыцы, у Кітаі і Еўразвязе. Гэтаму павінна паспрыяць скасаванне заходніх санкцыяў.
17 чэрвеня дзяржаўныя СМІ агучылі падрыхтаваныя для прыняцця «Асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады». Эксперты і адмыслоўцы мелі магчымасць з імі азнаёміцца і ацаніць, наколькі яны рэалістычныя. Мяркуючы па выказваннях адмыслоўцаў, гэта папулісцкая праграма, без аніякіх шанцаў на ажыццяўленне, як ранейшае абяцанне заробку у 1 тысячу даляраў у месяц. 18 чэрвеня партыя БНФ заявіла, што гэта аніяк не “Усебеларускі народны сход”. Ён не з’яўляецца выявай волі беларускага народу, бо прадстаўнікоў народу там няма. Гэта ўсечыноўніцкі Сход. Гэта ўжо гатовая праграма. Там не прдугледжваецца ні галасавання ні паправак. Уся ўступная прамова Лукашэнкі зводзіцца да слоў: “мае быць лепей ва ўсіх сферах жыцця”. “Я гэтага патрабую”, “не расслабляйцеся”. “Я вам кажу, што мае быць зробленае, а вы – выконвайце”. Не выканаюць даручэння, будуць прыцягнутыя да адказнасці. Я не ўпэўнены, ці трэба праводзіць такое маштабнае мерапрыемства дзеля самога выгляду, што ў Беларусі “народаўладдзе”. Занадта дарагая гэтая фікцыя.