Праваабаронцу Тамару Сяргей адпусцілі без складання пратаколу



 

Юрыста, актывістку грамадзянскай ініцыятывы „Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры” Тамару Сяргей, затрыманую раніцай 23 чэрвеня супрацоўнікамі міліцыі ў раёне Курапатаў і дастаўленую ў Цэнтральнае РУУС Менска, адпусцілі з міліцыі без складання пратакола.

Як паведаміла Тамара Сяргей, яе адпусцілі ў 13.15. „Я паведаміла, што гэты нумар так не пройдзе і што я не буду прыкрываць іх незаконныя дзеянні”, — адзначыла яна. „У 12.20 было роўна тры гадзіны з моманту майго фактычнага затрымання. Паколькі мне не прадставілі ніякіх дакументаў, а яны ўжо абавязаны былі за гэты час прадставіць пратакол аб затрыманні, я спрабавала выйсці з кабінета, але мне супрацоўнік заступіў дарогу”, — расказала Сяргей.

Паводле слоў юрыста, капітан міліцыі Дзмітрый Андалюкевіч увесь гэты час патрабаваў ад яе тлумачэнняў у сувязі з яе скаргай на дзеянні міліцыянераў на імя начальніка ГУУС Аляксандра Барсукова, накіраванай 16 мая. „Я сказала:” Дашліце мне позву, я прыйду сама і дам тлумачэнні ва ўстаноўленым законам парадку”, — удакладніла актывістка.

Сваё затрыманне Тамара Сяргей адназначна звязвае з пятым Усебеларускім народным сходам, які праходзіў у сталіцы, паколькі ў 10.00 на плошчы Свабоды актывісты ініцыятывы планавалі пікет, падчас якога хацелі прыцягнуць увагу дэлегатаў сходу да праблемы судовага беззаконня. З-за яе затрымання правядзенне пікета сарвалася.

Як паведамлялася раней, Тамара Сяргей была затрыманая супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным каля 9.30 недалёка ад свайго дома. Таксама вядома, што сёння ў 5.30 раніцы ў Бабруйску была затрыманая сямейная пара — Валянціна і Аляксандр Каваленкі. Пенсіянеры збіраліся ехаць у Мінск на пікет. Сувязі з імі няма, аднак, паводле інфармацыі Тамары Сяргей, „іх, сказалі, павязуць у суд”.

***

23 чэрвеня ў Менску была затрыманая юрыст і праваабаронца Тамара Сяргей.

Па тэлефоне праваабаронца паведаміла, што яе затрымалі каля 9.30 у раёне Курапатаў, недалёка ад дома, і даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна Менска нібыта ў сувязі са скаргай, якую яна накіравала 16 траўня на імя начальніка менскай міліцыі Аляксандра Барсукова. Скарга тычылася дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненні да ўдзельнікаў пікета, які прайшоў 31 сакавіка на плошчы Свабоды.

Цяпер Сяргей знаходзіцца ў РУУС, ніякіх дзеянняў у дачыненні да яе не прымаецца. Паводле слоў юрыста, яна запатрабавала складання пратакола аб затрыманні.

Сёння ў Менску на плошчы Свабоды, недалёка ад Палаца Рэспублікі, дзе праходзіць V Усебеларускі народны сход, плануецца чарговы пікет прадстаўнікоў грамадзянскай ініцыятывы „Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры”. Актывісткай ініцыятывы з’яўляецца і Тамара Сяргей.

БелаПАН