Украіна—Польшча: цень гісторыі



У час калі вырашаецца лёс сяброўства Вялікабрытаніі ў Еўразвязе, выявіліся непаразуменні паміж Польшчай і Украінай. Польскія парламентарыі накіравалі «украінскім сябрам» ліст у якім гаворыцца, што пры ўсёй сімпатыі і волі прымірэння з украінцамі, Польшчу хвалюе гістарычная палітыка Украіны і ўсхваленне людзей, адказных за генацыд палякаў на Валыні.

Паводле польскіх гісторыкаў, у гадох 1943-1945, украінскія нацыяналісты забілі на Валыні і ва Усходняй Галіцыі каля 100 тысяч палякаў. Апагей трагічных падзеяў, якія ў Польшчы называецца «валынскім злачынствам», выпаў на 11 ліпеня, калі ў 1943-м годзе жаўнеры з Украінскай Паўстанчай арміі разам з цывільнымі ўкраінцамі напалі адразу на 150 польскіх вёсак. З нагоды гадавіны, у Сейме складзеныя тры праекты законаў у гэтай справе. Аднак ва Украіне баяцца называць тыя падзеі «генацыдам», бо гэта можа прывесці да пагаршэння двухбаковых адносінаў. Ліст польскіх парламентарыяў зачытаў у Кіеве дэпутат ад кіруючай партыі «Права і Справядлівасць» Міхал Дворчык. Ужо ў пачатку чэрвеня, з набліжэннем 73-й гадавіны трагедыі, два былыя прэзідэнты Украіны, царкоўныя іерархі ды інтэлектуалы заклікалі ўстанавіць агульны дзень памяці пра ўкраінска-польскія канфлікты дзеля ўзаемнага прымірэння. Тады прадстаўнікі партыі „Права і Справядлівасць” адказалі, што яны «з павагай ставяцца да ўкраінскай дзяржаўнасці, аднак не могуць згадзіцца з украінскай палітыкай гістарычнай памяці». «Мы напісалі гэты ліст як сябры Украіны… Нам прыкра, што ва Украіне адкрытая сімпатыя да Польшчы ідзе ў пары з усхваленнем тых, на чыіх руках кроў нашых суайчыннікаў, безабаронных жанчын і дзяцей… Мы не можам пагадзіцца з называннем польска-украінскай вайной спланаванай і люта праведзенай акцыі супраць цывільнага насельніцтва», — заявіў Міхал Дворчык у польскай амбасадзе ў Кіеве. Ён паўтарыў словы ліста, у якім ўкраінцаў заклікаюць ўшанаваць памяць кожнай цывільнай ахвяры незалежна ад нацыянальнасці, гэтак у Польшчы як і ва Украіне. Дэпутат згадаў пра хрысціянскія каштоўнасці, якія памяць пра ахвяры разглядаюць як этычны імператыў».

Кіраўнік Украінскага Інстытуту Нацыянальнай Памяці Уладзімір Вятровіч заявіў, што «заміж узаемнага прабачэння, мы чуем аднабаковыя абвінавачанні». Па ягоных словах, польскія палітыкі ніяк не хочуць зразумець таго, што ўшанаванне УПА не мае антыпольскага характару. «Украінскія паўстанцы лічацца ў нас героямі не з прычыны польска-украінскага канфлікту, але за іх гераічнае змаганне  з камуністычным рэжымам. Наша гістарычная палітыка гэта ў першую чаргу дэкамунізацыя». Вятровіч дадаў, што Польшча ўшаноўвае не толькі жаўнераў АК, але так званых «выклятых жаўнераў», якія забівалі цывільных украінцаў. Па ягоных словах, забойствы цывільных украінцаў — каля 20-ці тысяч — польскім узброеным падполлем, гэта такое ж злачынства як забойства цывільных палякаў украінскімі паўстанцамі. Аднак гэта не дае падставаў, каб і АК і УПА называць «злачыннымі групоўкамі». «Украіна не аспрэчвае таго, каго палякі ўшаноўваюць, але заклікае ўсведаміць, што заўсёды былі будуць людзі, якія для адных з’яўляюцца героямі, а для іншых — злачынцамі і наадварот. І палякі і ўкраінцы былі адначасова і сярод катаў і сярод ахвяраў. Па словах кіраўніка ўкраінскага ІНП, ад асуджэння УПА як злачыннага фармавання недалёка да таго, на чым засяроджваецца Крэмль: асуджэння вызвольнай барацьбы ўкраінцаў і дэлегітымізацыі сучаснай, украінскай дзяржавы». На думку Вятровіча, гістарычнымі польска-украінскімі адносінамі павінны займацца гісторыкі, а не палітыкі.

Такая палеміка, раней ці пазней, была непазбежная. Яшчэ жывуць людзі, якія памятаюць тыя трагічныя падзеі. Аб’ектыўна, больш крыві на руках ва ўкраінцаў, але і палякі не без граху. Іхная палітыка ў міжваенны перыяд праклала шлях да міжнацыянальнай варажнечы. УПА ваявала за незалежную Украіну на тры фронты: супраць немцаў, палякаў і саветаў. Валынская разня была лютая, нечалавечная і абсалютна непатрэбная. Украіна ўшаноўвае УПА, бо не мае іншых, крыштальна чыстых герояў. Думаю, што над гэтымі трагічнымі эпізодамі гісторыі павінна пахіліцца двухбаковая камісія гісторыкаў. Мёртвых не вернем да жыцця, а суседзям трэба выбудоўваць сяброўскія адносіны гледзячы, найперш, наперад.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ