Якія высновы з рэферэндуму ў Вялікабрытаніі зробіць Еўразвяз?



У Еўразвяза з’явіўся цудоўны шанец вярнуцца да каранёў супольнасці, якая стваралася 60 гадоў таму без Вялікабрытаніі – мяркуе польскі эканаміст Анджэй Садоўскі.

Паводле кіраўніка Варшаўскага цэнтра імя Адама Сміта, без зменаў Еўразвязу не ўдасца выйсці з крызісу, які, нягледзячы на папярэднія заявы палітыкаў, надалей трывае – з 2008-га года:

– Выхад Вялікабрытаніі трэба разглядаць як шанс для самога Еўразвяза на змены, на іншы падыход да гаспадаркі, шанс для адмаўлення ад рэгуляцыяў, якія былі адным з аргументаў выхаду Вялікабрытаніі з ЕЗ. Бо іначай Еўразвяз скончыць сваё існаванне, як гэта было з Савецкім Саюзам.

Напярэдадні прашоў рэферэндум, на якім амаль 52 працэнты жыхароў Вялікабрытаніі прынялі рашэнне пра выхад з ЕЗ. У каментарах еўрапейскіх палітыкаў ужо гучаць галасы пра неабходнасць рэформаў у Еўразвязе. Пра гэта – сярод іншага – маюць распачаць размовы кіраўнікі 27-мі краін ЕЗ, якія збяруцца ў Бруселі.

“Еўразвяз павінен зрабіць высновы з рэферэндуму ў Вялікабрытаніі,” – мяркуе віцэ-старшыня Еўрапарламента Рышард Чарнэцкі.

Паводле еўрапейскага палітыка, трэба шанаваць рашэнне брытанцаў, якія сваім галасаваннем звярнулі ўвагу на праблемы ў Еўразвязе.

– Такое ўмяшанне ва ўнутраныя справы краін-сябраў, якое шматразова было дагэтуль, не можа паўтарацца. У Еўразвязе павінна быць больш дэмакратыі і партнёрства. Багатыя краіны не павінны навязваць сваю волю, не павінны большасцю сваіх галасоў змушаць да нейкіх канцэпцый. Напрыклад, упускаць эмігрантаў з ісламскіх краін да краін ЕЗ. У Еўразвязе павінны больш дыскутаваць і прымаць рашэнні шляхам кансэнсусу.

Еўрапарламент склікаў надзвычайнае пасяджэнне. 25 чэрвеня ў Берліне мае прайсці сустрэча краінаў-пачынальнікаў ЕЗ: Нямеччыны, Італіі, Францыі, Бельгіі, Галандыі і Люксембурга.

У сваю чаргу Шатландскі прэм’ер абвесціў, што гэтая частка Злучанага Каралеўства можа правесці паўторны рэферэндум аб незалежнасці і ўступленні гэтай часткі Злучанага Каралеўства ў ЕЗ.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя