Шатландыя правядзе рэферэндум аб незалежнасці
Урад Шатландыі пачне рыхтавацца да паўторнага рэферэндуму аб незалежнасці. Пра гэта заявіла па выніках брытанскага рэферэндуму першы міністр Шатландыі Нікола Стэрджэн.
62% шатландцаў напярэдадні галасавалі за тое, каб застацца ў Еўразвязе. Шатландыя ясна і рашуча прагаласавала за тое, каб застацца часткай Еўропы, адзначыла Стэрджэн.
– Я ганаруся шатландцамі і шаную выбар, які мы зрабілі. Мы даказалі, што мы сучасная краіна, якая глядзіць адкрыта ў будучыню. Мы адкрыта сказалі, што не хочам пакідаць ЕЗ. Я прыкладу ўсе намаганні, каб мы рэалізавалі сваё жаданне. Калі парламент прызначыць другі рэферэндум аб незалежнасці, гэта будзе лепшым спосабам абароны нашага месца ў Еўропе, нягледзячы на часовыя абмежаванні.
Першы рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі праходзіў у 2014 годзе. Тады больш за 50% жыхароў рэгіёну выказаліся за тое, каб застацца ў складзе Злучанага Каралеўства. Асноўныя брытанскія партыі тады пераконвалі жыхароў Шатландыі, што Брытанія не выйдзе з ЕЗ. Акрамя Шатландыі, супраць выхаду з ЕЗ галасавала таксама і большасць жыхароў Паўночнай Ірландыі. Лідары паўночна-ірландскай партыі Шын Фэйн заклікалі сёння правесці ў Ольстэры рэферэндум аб выхадзе са Злучанага Каралеўства і далучэнні да Ірландыі.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя