У Воранаве магчыма адбудзецца пікет за малы памежны рух



Новую заяўку вырашылі напісаць на правядзенне пікету за “малы памежны рух” у Воранаўскі раённы выканкам сябры Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі. Спадзеў на правядзенне мерапрыемства паўстаў тады, калі разам з шэрагам адмоваў з усіх раёнаў Гарадзеншчыны, з Воранава прыйшоў адказ, што правесці пікет магчыма, але ў іншым месцы. Цяпер сябры БХД рыхтуюцца падаваць заяўку з выкананнем умоваў, якія прапанавалі раённыя чыноўнікі.

Кажа актывіст Сяргей Верамеенка:

– Гэта было даволі дзіўна і трошкі нечакана, і таму мы вырашылі ператэлефанаваць і ўдакладніць, як менавіта трактаваць іх адказ. І нам паведамілі, што для правядзення гэтага пікета неабходна будзе падаць яшчэ адну заяўку, а таксама аплаціць прысутнасць міліцыі і наяўнасць там медыцынскіх супрацоўнікаў. І тады яны нам дазволяць правядзенне пікету. Параілі аформіць усё дакументальна, усё зрабіць згодна заканадаўству.

За апошніх дзесяць гадоў гарадзенскія дэмакратычныя і нацыянальныя актывісты не атрымоўвалі станоўчых адказаў ад чыноўнікаў на заяўкі на пікеты, мітынгі ды іншыя масавыя мерапрыемствы. Калі будзе ўхвалены пікет у Воранаве, то падобнае “зачараванае кола“ ўпершыню за дзесяцігоддзе будзе разарванае.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя