Фартэцыі Мальты



У 1530 годзе, пасля карказломных прыгодаў і неверагодных ліхтугаў па ўсім Міжземнамор’і, рыцары ордэну Гаспітальераў святога Яна Ерусалімаскага нарэшце атабарыліся на Мальце. Хрысталюбныя ваяры, якіх узначальваў Вялікі Магістр Жан дэ Ла Валета, адразу пачалі будаваць фартэцыі па ўсяе выспе. Турэцкія султаны, тагачасныя ворагі заходняй цывілізацыі, так і не здолелі авалодаць Мальтай.

Практычна ўсе фартыфікацыйныя збудаванні рыцарскіх часоў захаваліся ў амаль першапачатковым выглядзе. Частка рэстаўраваная для турыстаў, але пры жаданні можна знайсці і муры, некранутыя “навабудам”.

Адну з такіх фартэцый я выпадкова знайшоў у самым цэнтры мальтыйскай сталіцы Валета.

Сцены са слядамі турэцкіх ядраў, іржавыя краты, каменныя рыцарскія гербы, абточаныя салёнымі марскімі ветрамі… І – пініі, якіх на Мальце не менш, чым у Беларусі соснаў.

Шпацыруючы аплылымі сценамі сярэднявечнай цытадэлі, я міжволі згадаў нашага Жыгімонта Караля Радзівіла, які ў 1612 годзе прыбыў на Мальту, уступіў у ордэне Гаспітальераў, а пасля закалотаў з туркамі вярнуўся на Радзіму. Пасля чаго паспрабаваў перанесці традыцыі Гаспітальераў у Беларусь і нават заснаваў у Сталовічах мальтыйскую камандорыю.

У Жыгімонта Караля Радзівіла не было ані магчымасцяў, ані досведу, ані часу, каб збудаваць у сябе нешта хаця б аддалена падобнае да фартэцый Валеты. Не кажучы ўжо пра тое, каб запрасіць у Вялікае княства ваяроў Мальтыйскага ордэну.

Хто ведае – калі б падчас “патопу” наш Край баранілі ад усходніх варвараў і непераможныя рыцары-гаспітальеры, гісторыя Беларусі склалася б куды больш шчасліва?

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя