Прэм’ера фільма «Бітва за Кобрынь»
Фільм «Бітва за Кобрынь. Закладнікі сакрэтнага пакта» можна ўбачыць 27 чэрвеня ў 18.20 на тэлеканале АНТ. Фільм прысвечаны абаронцам Кобрына часткамі Войска Польскага.
Могілкі ў Кобрыні. Фота: istpravda.ru
«У цэнтры сюжэта — гераізм звычайных палешукоў-беларусаў, якія мужна змагаліся з першага дня сусветнай вайны з Вермахтам», — кажа стваральнік фільма гісторык Ігар Мельнікаў:
— Галоўная гісторыя — гэта гісторыя капрала Эварыста Зайкоўскага. Чалавека маладога, настаўніка, які загінуў у час бітвы за Кобрынь і ягоныя парэшткі ў 2008 годзе былі знойдзены беларускімі жаўнерамі 52-га пошукавага батальёну і перапахаваныя. Здымачная група працавала ў Беларусі: у Менску, у Кобрыні і іншых гарадах, а таксама ў Польшчы, у Беластоку і Варшаве. Мы знайшлі нашчадкаў жаўнера Зайкоўскага, ягоную дачку, і менавіта гэтую гісторыю ўпісалі ў цэнтр сюжэта.
Вялікую дапамогу ў вяртанні гістарычнай праўды аказалі шэраг асобаў. Сярод іх, у першую чаргу, краязнаўца з Кобрына Ніна Марчук. Яна першай пачала займацца гэтай тэматыкай. Доўгі час збірала матэрыялы ды ўспаміны людзей. Пазней гэтую працу працягнуў Ігар Мельнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя