Забойца Юліі Балыкінай прыгавораны да 23 гадоў



У Менскім гарадскім судзе 27 чэрвеня завяршыўся працэс па справе пра жорсткае забойства лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай.

Дзмітрый Вішталюк

Фота tut.by

Абвінавачаны ў забойстве Дзмітрый Вішталюк, былы блізкі сябар Балыкінай, прыгавораны да 23 гадоў пазбаўлення волі. Бацькі забітай прасілі суд прыгаварыць яго да вышэйшай меры пакарання.

Вішталюк таксама павінен выплаціць сваякам забітай, якія выступаюць пацярпелымі па справе, матэрыяльную кампенсацыю ў 539 млн. рублёў.

Падсудны пазнаёміўся з вядомай спартсменкай ў інтэрнэце. Спачатку маладыя людзі мелі зносіны проста як сябры, пазней сталі жыць разам. Праз некалькі месяцаў паміж імі здарыўся сур’ёзны канфлікт — Дзмітрый не вярнуў Юліі грошы, якія ў яе пазычыў. Гэта паслужыла прычынай растання, але зносіны маладыя людзі працягнулі, Вішталюк рабіў рамонт у кватэры Балыкінай.

Трагедыя здарылася 28 кастрычніка 2015 года. Вішталюк спрабаваў паправіць нацяжны столь у ванным пакоі. Юлія, паводле яго слоў, пачала выстаўляць прэтэнзіі да якасці працы. Потым перайшла на асабістыя тэмы, завязалася сварка. У руках маладога чалавека быў малаток, якім ён нанёс спартсменцы некалькі удараў па галаве.

І хоць, паводле слоў Вішталюка, забойства ён не планаваў, наступныя тры дні ён разважаў, як схаваць цела і зняць з сябе падазрэнні. Спачатку Вішталюк пакінуў кватэру дзяўчыны, потым вярнуўся, каб забраць цела. На машыне забітай выехаў за межы Мінска і пакінуў аўтамабіль блізу чыгуначнай станцыі. На наступны дзень прыехаў туды, каб забраць цела і закапаць яго ў лесе.

Сямнаццаць дзён прадстаўнікі праваахоўных органаў пры дапамозе валанцёраў і вайскоўцаў шукалі зніклую дзяўчыну. Яе цела было знойдзенае ў Смалявіцкім раёне.

У першы дзень судовага працэсу Вішталюк звярнуўся да бацькі Балыкінай са словамі: „Я хачу папрасіць у вас прабачэння, хоць разумею, што гэта нельга дараваць”. Аднак бацькі Балыкінай ў раскаянне абвінавачанага не вераць. Яны прасілі суд прыгаварыць Вішталюка да смяротнага пакарання, бо лічаць, што ён наўмысна здзейсніў жорсткае забойства — не здолеў змірыцца з тым, што Юлія разарвала з ім адносіны.

Пракурор запытвала для Вішталюка 23 гады пазбаўлення волі. У абвінавачанні акрамя эпізоду з забойствам адзначана, што падсудны выкраў з дома ахвяры каштоўныя рэчы і яе машыну.

Суд падтрымаў патрабаванні дзяржабвінаваўцы.

Прысуд пакуль не набыў законную моц і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе.

belapan.by