Крэмль заявіў, што Эрдаган папрасіў прабачэння за збіты Су-24



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін атрымаў ад прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана прабачэнні за гібель пілота расейскага Су-24, сцвярджае прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

160627134844_putin_erdogan_624x351_afp_nocredit

Як заявіў прадстаўнік расейскага прэзідэнта, Эрдаган хоча аднавіць адносіны з Расеяй і заклікае Уладзіміра Пуціна працаваць над гэтым, паведамляе bbc.com.

Як сказана ў афіцыйным паведамленні Крамля, у сваім лісце Эрдаган кажа, што ў Турцыі „ніколі не было жадання і свядомага намера збіць самалёт, які належыць Расейскай Федэрацыі”.

„Рэджэп Таіп Эрдаган выказвае сваё глыбокае шкадаванне з нагоды таго, што адбылося і падкрэслівае гатоўнасць рабіць усё магчымае для аднаўлення традыцыйна дружалюбных адносін паміж Турцыяй і Расеяй, а таксама сумесна рэагаваць на крызісныя падзеі ў рэгіёне, змагацца з тэрарызмам”, – заяўляюць у Крамлі.

У пасланні таксама адзначаецца, што ў дачыненні да грамадзяніна Турцыі, імя якога асацыюецца са смерцю расейскага пілота, пачата і вядзецца судовае даследаванне.

Як паведамляе РИА Новости, сёння турэцкі суд вызваліў пад падпіску аб нявыездзе Альпарслана Чэліка, які абвінавачваецца ў забойстве расейскага пілота. Раней МЗС Расеі неаднаразова патрабаваў для Чэліка строгага пакарання.

„Суддзя прыняў рашэнне вызваліць яго і астатніх абвінавачаных пад падпіску аб нявыездзе. Наступнае пасяджэнне суда адбудзецца 4 лістапада”, – цытуе РИА Новости адваката Чэліка.

Нагадаем, што самалёт расейскіх ВКС, які ўдзельнічаў у ваеннай аперацыі ў Сірыі, быў зьбіты на сірыйска-турэцкай мяжы 24 лістапада 2015 года турэцкім знішчальнікам.

Пілоты Су-24 катапультаваліся над тэрыторыяй, якую кантралююць сірыйскія туркмены. З зямлі па расейскім лётчыкам быў адкрыты агонь, у выніку камандзір Алег Пешкоў загінуў, штурману самалёта Канстанціну Мурахціну ўдалося выратавацца, ён быў дастаўлены на расейскую авіябазу.

Анкара заявіла, што расейскі борт парушыў турэцкую паветраную прастору. Масква гэта катэгарычна аспрэчвала.

Эрдаган заявіў, што яго краіна не збіраецца прасіць прабачэння перад Расеяй за збіты самалёт. „Я думаю, калі камусьці і трэба папрасіць прабачэння, то не нам, – сказаў ён. – Прасіць прабачэння трэба тым, хто парушыў нашу паветраную прастору”, – сказаў турэцкі лідар.

Пасля інцыдэнту Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб увядзенні супраць Турцыі і яе грамадзян эканамічных і візавых санкцый.

Фота AFP