На рынках Чарнігава чакаюць вяртання беларускіх пакупнікоў



Беларускія шопінг-турысты зноў зніклі з чарнігаўскіх рынкаў. Паводле чарнігаўскіх бізнесоўцаў, якія спецыялізуюцца на гандлі з нашым суайчыннікамі, такі стан рэчаў можна патлумачыць сістэмным эканамічным крызісам у Беларусі, а таксама чаканнем дэнамінацыі.

Больш за ўсё чарнігаўскія камерсанты баяцца, што беларускія ўлады накладуць чарговыя абмежаванні на вываз тавараў з Украіны.

Сітуацыю каментуе Сяргей Чарняк, прадавец абутку на рынку “Ніва”, які больш за 10 гадоў вядзе бізнес з беларускімі шопінг-турыстамі:

– Беларусы сюды ўжо 10 гадоў ездзяць, пастаянна купляюць. Я ім нават зніжкі раблю. Калі прыязджае аўтобус – а мы ўжо з кіроўцамі сябруем, – то яны нам тэлефануюць. Для нас гэта вельмі важна, бо яны наш самы асноўны пакупнік. А Лукашэнка можа выдаць указ, які абмяжуе нашых беларускіх пакупнікоў ці ўвогуле забароніць ездзіць да нас купляць. Мы гэтага вельмі баімся.

Паводле статыстыкі Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, яшчэ год таму Чарнігаў штомесяц наведвалі 10 000 беларусаў, прытым кожны ў сярэднім пакідаў у горадзе па 250 даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by