І ў бядзе няма згоды
Сёння ў Бруселі пачынаецца двухдзённы саміт лідараў краін Еўразвязу. Яны абмяркуюць новую сітуацыю, якая склалася пасля брытанскага рэферэндуму. Надзвычайная сустрэча праходзіць у атмасферы глыбокіх рознагалоссяў. Некаторыя краіны выступаюць за больш аб’яднанаую Еўропу, затое іншыя адстойваюць сваю аўтаномію.
Шмат замяшання, падазрэнняў і насцярожанасці выклікаў дакумент, падрыхтаваны міністрамі замежных справаў Францыі і Нямеччыны: Жан-Маркам Айро і Франкам-Вальтэрам Штаймайэрам. Ён завецца: «Моцная Еўропа ў няпэўным свеце». «Каб прадухіліць павольную эрозію нашага еўрапейскага праекту, мы павінны вызначыць і засяродзіцца на прыярытэтах і чаканнях нашых грамадзян». У дакуменце гаворыцца пра лепшую каардынацыю дзеянняў у галіне знешняй палітыкі, бяспекі, эканомікі і міграцыі. Прадугледжваецца стварэнне агульнай памежнай службы і цеснае супрацоўніцтва спецслужбаў. Апрача стварэння гэтага дакументу, у Берліне адбылася экстранная сустрэча лідараў: Італіі, Францыі і ФРГ. Франсуа Аланд, Ангела Мэркель і Матэа Рэнцы заявілі, што гэтая тройка вырашыла даць Еўразвязу новы імпульс. Аднак, гэтыя два факты сталі падставай для сцвярджэння, што адказам на «Brexit» мае быць еўрапейская супердзяржава з аб’яднанай арміяй, адзінай замежнай палітыкай і эканомікай. Гэта нібыта ўльтыматум з боку старых сяброў Еўразвязу . Вось таму прэс-сакратар нямецкага МЗС Марцін Афер заявіў, што «Берлін не хоча супердзяржавы, а хоча — лепшай Еўропы».
Умацаванне еўрапейскіх структураў, небяспека дамінацыі дзвюх – трох наймацнейшых краін найбольш насцярожвае краіны «вышэградскай групы»: Польшчу, Вугоршчыну, Чэхію і Славаччыну. Яны правялі асобную сустрэчу і заявілі пра сваю нязгоду на навязванне ім няўзгодненага пункту гледжання. На думку польскага міністра замежных справаў Вітальда Вашчыкоўскага, «Brexit» выкліканы тым, што заходнія палітыкі перасталі слухаць грамадзян. «Яны ўсе павінны падаць у адстаўку…Трэба па новаму акрэсліць пазіцыю і суверэнітэт краін-сябраў». Па словах польскай прэм’ер Бэаты Шыдла, Еўропе патрэбны новы Трактат замест Лісабонскага, які прадугледжваў бы памяншэнне ролі Еўракамісіі і большую аўтаномію, большае права голасу для асобных, меншых краін. «Палітыкі павінны зрабіць высновы з таго, што адбылося з Вялікай Брытаніяй і прапанаваць канструктыўныя змены. Еўразвяз павінен змяніцца, стаць больш прывабным для Еўропы, больш бяспечным, салідарным, адкрытым на думку ўсіх краін – сябраў, і павінен вярнуцца да сваіх каранёў», — адзначыла Бэата Шыдла. У адказ, міністр фінансаў ФРГ Вольфганг Шойбле заявіў, што «новы трактат», гэта была б «непатрэбная страта часу». Ён выказаўся за хуткі выхад Вялікай Брытаніі з Еўразвязу. «Складваецца ўражанне, што многія брытанцы ўжо пачынаюць плакаць, але гэта ім не дапаможа. Трэба было думаць раней. Вынік рэферэндуму — незваротны, а нам трэба намагацца зменшыць да мінімуму ягоныя негатыўныя наступствы», —заявіў Шойбле.
Не чакаючы вынікаў брусельскага саміту можна з упэўненасцю сказаць, што Еўропа акунулася ў глыбокі крызіс. Аднак, у такой сітуацыі патрэбная большая згуртаванасць, адзінства, а не раз’яднанасць і патрабаванні большай незалежнасці, як гэтага хоча Польшча. У цяжкія часы не пара займацца драбязою. У выніку вось гэтай амбіцыйнасці і неразумення вядомай, фундаментальнай праўды, што ў адзінстве сіла, маскоўская прапаганда мае ўсе падставы лічыць, што гэтая структура хворая і коціцца ў хаос. «Brexit» і змена ўлады ў Вялікабрытаніі могуць падарваць і трансатлантычнае супрацоўніцтва і еўрапейскі курс у дачыненні да Расеі. Еўразвязу прыйдзецца даўжэйшы час займацца сваімі справамі. Яму будзе не да санкцыяў і не да Украіны. Вось таму еўрапейскія палітыкі павінны ўрэшце ўсвядоміць сваю адказнасць.