Уладзіславу Казлоўскаму – 120



29 чэрвеня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, паэта, публіцыста, выдаўца Уладзіслава Казлоўскага (Казлоўшчыка)(1896-1943).

1

Уладзіслаў Казлоўскі быў родам з вёскі Залессе Сакольскага павета. Вучыўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі. Скончыў Віленскія беларускія настаўніцкія курсы. Рана далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Арганізоўваў беларускія школы на Сакольшчыне і Ігуменшчыне. Служыў у польскім войску, але ў 1930 годзе ў рангу парудчыка звольніўся са службы. Жыў у Вільні, там арганізаваў гімнастычнае таварыства “Гайсак”, прымаў удзел у Беларускім Нацыянальным камітэце.

2

У 1933 годзе быў адным з заснавальнікаў арганізацыі беларускіх нацыянал-сацыялістаў, выдаваў і рэдагаваў у 1930-х гадах газету “Новы шлях”, а падчас Другой сусветнай вайны быў рэдактарам “Беларускай газэты” у Менску. Савецкія партызаны застрэлілі Уладзіслава Казлоўскага ў рэдакцыі газеты. Пахаваны ён на Кальварыйскіх могілках у Менску. Магіла застаецца невядомай.

Уладзіслаў Казлоўскі быў таленавітым літаратарам і публіцыстам. Ён пісаў вершы, публіцыстычныя артыкулы, прозу, гістарычныя і спартыўныя артыкулы. Выдаў  кнігі “Фізічнае выхаванне грамадзянства” (Вільня, 1927), “Беларускія народныя песні з Сакольскага павету” (Вільня, 1930), “Путы кахання” (Вільня, 1932), “Шляхам змагання” (Вільня, 1935) і іншыя.

3

 

У 1999 годзе Сяргей Чыгрын сабраў і выдаў у Беластоку пад адну вокладку асобныя творы Станіслава Грынкевіча, Франука Грышкевіча і Уладзіслава Казлоўшчыка (Казлоўскага) пад агульнай назвай “Вяртанне да сваіх”. У адным са свах вершаў паэт пісаў:

Наперад і разам, працоўны народзе!

Трымаймася дружна ў вянку аб’яднання.

Наперад! Супольна! У ладзе і згодзе

Шляхам змагання!..

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя