Дзяніс Кучынскі: ЕГУ – у стане вялікай турбулентнасці



Cтаршыня студэнцкага прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні Дзяніс Кучынскі распавёў пра тое, чым зараз жыве ЕГУ.

Нагадаем, ЕГУ абвясціў пра змену кіраўніцтва. Прафесар Дэвід Полік завершыць сваё знаходжанне на пасадзе рэктара ўніверсітэта ў канцы лета, пра што абвясціла выканаўца абавязкаў старшыні кіруючага савета ЕГУ Эн Лонсдэйл.

Дзяніс Кучынскі: Так, Дэвід Полік сыходзіць з пачатку наступнага месяцу, а пасля гэтага пачнецца новы працэс выбараў рэктара, пошукам якога будзе кіраваць адна з донарскіх арганізацыяў.

РР: Якія чаканні ў студэнтаў?

Дзяніс Кучынскі: Падзеі апошніх 2-4 гадоў увялі ўнівэрсітэт у стан вялікай турбулентнасці, падчас якой усе пасажыры „самалёту” вельмі непакояцца за тое, што іх спаткае. У такіх сітуацыях вельмі важным з’яўляецца прафесіяналізм і здатнасць пілотаў. На дадзены момант пілоты нашага ўніверсітэту абсалютна не даюць рады. Вельмі важна зараз прызнаць факт памылак вышэйшага кіраўніцтва. Зразумець, што ўніверсітэту патрэбныя новыя, адказныя кіраўнікі. Што Кіроўная рада павінна мець у сваім складзе прадстаўнікоў у тым ліку і ад беларускай грамадзянскай супольнасці. Што акадэмічная супольнасць павінна граць значна большую ролю ў кіраўніцтве ўніверсітэтам. Што, калі мы хочам палепшыць якасць нашай адукацыі і якасць нашых праграмаў, было б ня лішнім з цягам часу запрасіць назад тых людзей, якія вымушаны былі пакінуць ЕГУ і г.д. Варта зноў давесці да донараў, абітурыентаў, усёй беларускай прасторы, якая сочыць і непакоіцца за лёс ЕГУ, што частка вышэйшага кіраўніцтва ня ёсьць абліччам усяго ўніверсітэту, што ў нас выкладае шэраг таленавітых выкладчыкаў, што якасць адукацыі, як мінімум, ня горшая за любы ВНУ ў Беларусі, а навуковыя поспехі нашых студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў вядомыя ў многіх краінах Еўропы.

РР: Неяк вы казалі, што трэба перастаць ставіцца да ЕГУ, як да праекта…

Дзяніс Кучынскі: Так, праект – гэта тое, што пачынаецца і мае быць скончаным. ЕГУ – гэта вялікая колькасць таленавітых людзей, вялікая прастора для рэалізацыі магчымасцяў для беларускай моладзі, аднак усё гэта з года ў год буксуе праз няслушныя крокі некалькіх асобаў вышэйшага кіраўніцтва, якія лічаць універсітэт сваёй прыватнаўласніцкай справай. Зараз мы стаім на парозе таго:  альбо гэтая сітуацыя кардынальна зменіцца і трансфармуецца ў нейкую, спадзяюся, больш паспяховую форму развіцця (нават нягледзячы на тое, што ўжо шмат чаго згублена), альбо наш самалёт трэсне яшчэ больш.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя