Чаму выбары пройдуць па старым сцэнары?



Пра пачатак выбарчай кампаніі распавядае рэгіянальны кіраўнік кампаніі «Права выбару» Аляксандр Сілкоў.

Метадычныя ўказанні ЦВК для ўчастковых камісій пацвердзілі, што сур`ёзных зменаў у працэсе падліку галасоў падчас парламенцкіх выбараў не будзе, лічаць у кампаніі па назіранні „Права выбару”.

Аляксандр Сілкоў: Фармаванне тэрытарыяльных і акруговых камісій яскрава паказала, што ніякіх зменаў не было і не будзе. Калі раней нам без тлумачэнняў проста казалі, што нашы прадстаўнікі не патрапілі ў камісіі, то зараз ёсць такое паняцце, як рэйтынгавае галасаванне. І зараз ужо кажуць, што ў нашых людзей няма вопыту працы ў камісіях. У мяне ёсць такое адчуванне, што спадарыня Ярмошына кажа адно, а на месцах працуюць зусім па-іншаму. Але з тымі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў, якія ўсё-такі патрапілі ў камісіі, мы таксама будзем працаваць, будзем думаць, як ім наладзіць працу такім чынам, каб працэс назірання быў больш адкрытым.

РР: Вы сказалі пра адсутнасць вопыту працы ў камісіях. А як жа ён можа з’яівцца, калі апазіцыю пастаянна нікуды не ўключаюць?

Аляксандр Сілкоў: Тут улада дзейнічае па-свойму. Для заходніх гасцей даюць адну карцінку, а нам – іншую. Мы ўвесь час спадзяемся на нейкі прагрэс у выбарчым заканадаўстве, нават слухаем прыгожыя словы ад прадстаўнікоў улады і ЦВК, але рэальнасць заўсёды аказваецца адная і тая ж. Хаця асабіста для мяне больш важна, як будуць фармавацца ўчастковыя камісіі. Менавіта там лічацца галасы і менавіта там можна арганізаваць найбольш эфектыўнае назіранне. Асабліва, калі ў складзе камісій будзе апазіцыя. Але не думаю, што там будзе шмат такіх прадстаўнікоў. Іх там будуць адзінкі. А ўвогуле, улада трымае сітуацыю пад кантролем, і самы галоўны вораг для іх будзе сам выбаршчык, які можа проста праігнараваць такія выбары. Зрэшты, у нас ЦВК ўжо так напрыктыкаваўся на падліках, што сумнявацца не даводзіцца – усё будзе, як трэба.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя