Тысячы пілігрымаў накіраваліся ў Будслаў
160 пілігрымаў з Глыбоччыны рушылі ў Будслаў на святкаванне ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай.
Да іх далучыліся 50 пілігрымаў з Полацка – на чале з ксяндзом Вячаславам Пялінкам, які пэўны час таксама служыў у глыбоцкім касцёле Святой Тройцы.
Паводле ксяндза Вячаслава, пілігрымка з Полацка крочыць ужо пяты дзень, у Глыбокім яны спыніліся для адпачынку, і тут іх заўсёды з радасцю сустракаюць:
– Крочачы па нашай зямлі мы яшчэ раз яе вывучаем, і тое, ад чаго становіцца горка, што пусцеюць вёскі, неаднойчы пілігрымы, калі праходзілі каля вёсак, узгадвалі, што вось калісьці нас тут сустракалі. Сёння мы молімся за святой памяці тых людзей, якія дзесяць год таму стаялі на дарозе чакаючы нас з абразамі, з пачастункамі. Але ёсць глыбоцкая парафія, дзе мы бачым такую жывую, сапраўдную, нават самабытную веру, якая мае не толькі рысы каталіцкасці, але таксама нашага нацыяльнага быцця.
У першых чыслах ліпеня тысячы пілігрымаў з усёй Беларусі і замежжа па традыцыі крочаць у санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе пройдуць 1-2 ліпеня.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара