У Гародні адсвяткавалі 500 год Аршанскай бітвы



Набажэнства і канцэрт, прысвечаныя 500-й гадавіне перамогі пад Воршай войскаў Вялікага Княства Літоўскага над Маскоўскім войскам, прайшлі ў гарадзенскай катэдры імя Францішка Ксаверыя.

IMG_7598 rr

Багаслужбу замовілі два дыпламатычныя прадстаўніцтвы, якія дзейнічаюць у Гародні: Генеральныя консульствы Польшчы і Літвы. Набажэнства праводзілася на латыні, а казанне чыталася па-польску.

Прысутны там грамадскі актывіст Мікола Воран шкадуе, што такое  вялікае нацыянальнае свята ўсяк ігнаруецца ўладамі ў Беларусі.

– Як беларусу мне вельмі прыкра, што ў гэты дзень людзі не ведаюць свайго вялікага гістарычнага свята. Гэта падзея, якая вывучаецца ў навучальных установах вайсковага тыпу ва ўсім свеце, акрамя Беларусі. Мне вельмі прыкра, што гэты дзень ніяк не адзначаецца на дзяржаўным роўні, што пра гэта не ведаюць жыхары нашых гарадоў і вёсак, што гэта ўсё забыта. Мне вельмі прыкра.

У час імшы катэдра была запоўнена людзьмі. Завяршыў урачыстае мерапрыемства канцэрт беларускага, польскага ды літоўскага хораў. Ад беларусаў спяваў хор “Унія”.

* * *

Гадавіну пераможнай і значнай у беларускай гісторыі бітвы гарадзенцы мелі магчымасць адзначыць удзелам у літургіі на лацінскай мове, праведзенай  у Фарным касцёле. На самым пачатку працэсію святароў суправаджалі хлопцы ў рыцарскіх даспехах.  Пасля літургіі адбыўся канцэрт хораў. Выступалі  спецыяльна запрошаныя тры харавыя групы з Літвы, Польшчы і Гародні.

Кажа адзін з удзельнікаў мерапрыемства Жыгавец Дзяніс:

– Гэта проста цуд, што ўтрая меншае войска перамагло такую колькасць орд. Прыйшоў сюды са сваім малым сынам, каб ужо з дзяцінства яму даводзіць (у мяне, на жаль, такога не было), што ёсць такія святы, ёсць гонар для беларусаў. Таму і прыйшоў у касцёл, хоць сам я па веравызнанні, як і наш гетман Астрожскі, праваслаўны.

Канцэрт быў арганізаваны пры патдрымцы Генеральных консульстваў Польшчы і Літвы ў Гародні.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Савелія Малчанава