«Дзедзіч» запрашае студэнтаў Берасцейшчыны на бясплатны летнік
Да ўдзелу ў “Летніку асабістай эфектыўнасці” для абітурыентаў і студэнтаў Берасцейскай вобласці запрашаюць прадстаўнікі агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”. Яны прапаноўваюць моладзі ва ўзросце ад 17 да 20 гадоў -карысна правесці тыдзень у адной з сядзібаў непадалёк Берасця.
Распавядае адна з арганізатараў Алена Каховіч:
— Гэты летнік ладзіцца для студэнтаў першага і другога курса і абітурыентаў з малых гарадоў, вёсак Берасцейскай вобласці, якія толькі хочуць паступіць у наш Берасцейскі універсітэт, альбо толькі пачынаюць вучыцца там. Мэта летніка — адаптаваць студэнтаў, каб яны маглі атрымаць новы досвед, новыя веды, каб арыентаваліся. У нас ёсць некалькі тэмаў ад добрых трэнераў, якія мы можам ім прапанаваць.
Эксперты арганізуюць для ўдзельнікаў у першай палове дня трэнінгі, навучальныя гульні, цікавыя прэзентацыі, а ў другой палове – дня культурніцкую праграму, забавы ды экскурсіі.
Арганізатары летніка пакрываюць ўсе выдаткі: праезд з Брэста, харчаванне і пражыванне ў летнім доме.
Каб патрапіць на летнік, трэба запоўніць анлайн-заяўку па спасылцы http://goo.gl/forms/reNeZxjSRz2mRnaG2 да 25 ліпеня.
Колькасць месцаў абмежавана, паспяшайцеся! Усяго для ўдзелу ў «Летніку» будзе адабрана 30 чалавек. Адбор будзе праводзіцца на падставе анкет-заявак і індывідуальнага сумоўя.
Беларускае Радыё Рацыя