Польшча прыпыніла малы памежны рух з Расеяй і Украінай



З 4 ліпеня Польшча прыпыніць малы памежны рух з Расеяй і Украінай.

Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства замежных спраў Польшчы, інфармуе „Польскае радыё”. Ведамства інфармуе, што Польшча прыпыняе прымяненне пагаднення паміж Польшчай і Расейскай Федэрацыяй, падпісанае ў Маскве 14 снежня 2011 года, у частцы, якая тычыцца ўезду і знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Польшчы жыхароў памежных раёнаў Расеі, у якіх ёсць дазволы, выдадзеныя адпаведнымі органамі Польшчы.

Акрамя таго, Польшча прыпыняе прымяненне артыкула 3 пункта 1 пагаднення паміж Кабінетам міністраў Украіны і ўрадам Польшчы аб малым памежным руху. Такія абмежаванні ўведзены на час правядзення саміту НАТА (8 і 9 ліпеня) і Сусветных дзён моладзі (з 26 па 31 ліпеня).

Варта адзначыць, што з 4 ліпеня па 2 жніўня ў Польшчы будзе адноўлены памежны кантроль на межах з Нямеччынай, Славакіяй, Чэхіяй і Літвой. Акрамя таго, кантроль адновяць ў аэрапортах і марскіх партах.

Паводле распараджэння, гэтыя меры неабходныя, каб „процідзейнічаць ўезду асоб, якія могуць парушыць грамадскі парадак або іншым чынам уяўляць пагрозу бяспецы”.