Беларусь лідар па колькасці дэнамінацый сярод краін былога СССР



Па колькасці дэнамінацый нацыянальнай валюты Беларусь выйшла ў лідары на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз.

Пасля распаду СССР дэнамінацыя праводзілася ў краіне тройчы 20 жніўня 1994 года (1:10), 1 студзеня 2000 года (1:1.000) і 1 ліпеня 2016 года (1: 10.000).

Па два разы дэнамінацыя (з пераходам на іншую нацыянальную валюту ці без яго) праводзілася ў шасці краінах: Азербайджане — 15 жніўня 1992 года (1:10) і 1 студзеня 2006 года (1:5.000), Таджыкістане — 10 мая 1995 года (1:100) і 30 кастрычніка 2000 года (1:1.000), Туркменістане — 1 лістапада 1993 года (1:500) і 1 студзеня 2009 года (1:5.000), Латвіі — 5 сакавіка 1993 года (1:200) і 1 студзеня 2014 года (1:0,702804), Літве — 25 чэрвеня 1993 года (1:100) і 1 студзеня 2015 года (1:3,4528), Эстоніі — 20 чэрвеня 1992 года (1:10) і 1 студзеня 2011 года (1:15,6466).

Другія дэнамінацыі ў краінах Балтыі былі звязаныя з пераходам на еўра. Пры гэтым у Латвіі фактычна меў месца зваротны працэс, бо лат быў „цяжэйшы” за адзіную еўрапейскую валюту (у 1,42 разу).

Адзін раз дэнамінацыя праводзілася ў Кыргызстане — 10 мая 1993 года (1:200), Казахстане — 15 лістапада 1993 года (1:500), Арменіі — 22 лістапада 1993 года (1:200), Малдове — 29 лістапада 1993 года (1:1.000), Узбекістане — 1 ліпеня 1994 года (1:1.000), Грузіі — 25 верасня 1995 года (1:1.000.000), Украіне — 2 верасня 1996 года (1:100.000) і Расіі — 1 студзеня 1998 года (1:1.000).

Па выніках усіх дэнамінацый намінальны кошт грашовай адзінкі ў Беларусі паменшыўся ў 100 млн. разоў. Гэта рэкорд на прасторы былога СССР. Далей ідуць Туркменістан (2,5 млн. разоў), Грузія (1 млн.), Таджыкістан, Украіна (100 тыс.), Азербайджан (50 тыс.), Малдова, Расія, Узбекістан (1 тыс.), Казахстан (500) , Літва (345), Арменія, Кыргызстан (200), Эстонія (156) і Латвія (у 141 раз).

Без уліку дэнамінацый афіцыйныя курсы валют да долара ЗША на 3 ліпеня складаюць: Беларусь — 200.530.000, Туркменістан — 8.750.000, Узбекістан — 2.943.460, Украіна — 2.482.141, Грузія — 2.309.300, Таджыкістан — 786.800, Казахстан — 169.020, Арменія — 95.366, Азербайджан — 77.125, Расія — 64.017, Малдова — 19.857, Кыргызстан — 13.483, Літва — 310,09, Эстонія — 140,52, Латвія — 126,23.

У самаабвешчаным Прыднястроўі, якое з 1992 года мае ўласную грашовую сістэму, была праведзеная адна дэнамінацыя (1 студзеня 2001 года, 1:1.000.000). Курс долара на 3 ліпеня без яе ўліку — 11.300.000.