Сусветны кангрэс экслібрыса ўзнагародзіць беларускага графіка
Сусветны кангрэс экслібрыса, які сёлета збярэцца ў 36-ты раз і аб’яднае 400 мастакоў з усяго свету, падрыхтаваў узнагароду беларускаму графіку Аляксандру Грыгор’еву – за папулярызацыю і развіццё экслібрыса ў Беларусі.
Справа ў тым, што творца арганізаваў у Берасці першы Міжнародны трыянале друкаванай і станкавай графікі. Ужо адбылося тры выставы-конкурса, удзел у якіх узялі мастакі з 40 краін.
Аляксандр Грыгор’еў (Фота budzma.by)
Аляксандр Грыгор’еў адзначае, што ўсё пачыналася з жадання паказаць поспех беларускай графікі:
– Сур’ёзная школа графікі ў Беларусі і вялікія поспехі нашых беларускіх мастакоў не даюць магчымасці паказаць і азнаёміцца ў сябе на радзіме з такой творчасцю, як малая форма графікі ці экслібрыс. Пры нагодзе ў мяне з’явілася магчымасць агучыць сваю даўно саспелую ідэю правесці і арганізаваць міжнародную выставу малых формаў графікі экслібрыса.
У дакладным перакладзе, экслібрыс – гэта кніжны знак, але ў мастацтве гэта цэлы напрамак. Ён выконваецца ў ліна-гравюры або літаграфіі, афортам, сухой голкай па арганічным шкле, і з дапамогай іншых тэхнік.
Беларускае Радыё Рацыя