Дапамажыце вернікам дабрацца да Царквы Усіх Беларускіх Святых
З прапановай пра змену руху гарадскога транспарту да гарадзенскіх сацыял-дэмакратаў звярнуліся жыхары мікрараёну Вішнявец.
Некалькі дзясяткаў жыхароў пенсійнага ўзросту папрасілі прадстаўнікоў БСДП скласці зварот да кіраўніцтва гарадзенскага аўтапарку. Пенсіянеры ў сваім звароце прасілі змяніць рух гарадскога транспарту, каб той хадзіў да прыпынку каля Царквы Усіх Беларускіх Святых.
Пра гэты зварот распавядае Анатоль Мышкевіч, кіраўнік суполкі БСДП ў Кастрычніцкім раёне Гародні:
– У царкву ў асноўным ходзяць людзі сталага ўзросту. Адлегласць паміж прыпынкамі Салы і Кляцкова каля 2 км. І, зразумела, людзям прыходзіцца альбо перасаджвацца на іншы транспарт, або ісці пешшу. Мы звярнуліся ў аўтобусны парк. Дырэктар парку прапаноўваў або звярнуцца ў гарвыканкам, або ў іншую інстанцыю, маўляў гэта не зусім іхная кампетэнцыя.
Ігар Банцар:
– Мы падтрымалі акцыю па адкрыцці прыпынку грамадскага транспарту каля царквы Усіх Святых, бо людзі разумеюць, што мясцовыя ўлады не вырашаюць іхных праблем.
Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам аўтапарку пра змену маршрутаў гарадскога транспарту не ўдалося дамовіцца, і актывісты збіраюцца звярнуцца да кіраўніцтва гораду пасля пісьмовага адказу. Адказ мусіць быць напрацягу бліжэйшага месяца.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота orthos.org