Прадстаўніцтва апазіцыі ў камісіях рэкордна нізкае



Патэнцыйныя кадыдаты ў дэпутатам на пікетах збіраюць подпісы – працягваецца другі этап выбарчай кампаніі. Раней сфарміравалі выбарчыя камісіі розных узроўняў і прадстаўнікоў апазіцыі там амаль няма.

Валянцін Стэфановіч

На гэтых выбарах упершыню пры ўтварэнні камісій маглі прысутнічаць назіральнікі, у тым ліку міжнародныя, на пасяджэннях у мясцовых выканкамах праходзіла абмеркаванне дзелавых і палітычных якасцяў вылучаных прэтэндэнтаў з персанальным галасаваннем па кандыдатурах. Але і гэта не дапамагло, заўважае намеснік старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч:

– Напрыклад, за прадстаўнікоў вылучаных праўладнымі арганізацыямі і партыямі галасавалі адзінагалосна за, а за прадстаўнікоў вылучаных ад апазіцыйных партый фактычна адзінагалосна супраць. Атрымалася, што прадстаўніцтва апазіцыі ў камісіях і ў ТВК, і ў АВК, яно найніжэйшае за папярэднія парламенцкія выбары таму, што ў 2012 годзе, напрыклад, было 3% прадстаўнікоў апазіцыйных партый у акруговых камісіях, у 2008 годзе 2,2%. Сёлета ў АВК прадстаўніцтвы апазіцыйных партый 1,8%.

У склад сямі тэрытарыяльных і 110 акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў уключаны 31 прадстаўнік апазіцыйных палітычных партый са 117 вылучаных. Астатнія партыі вылучылі ў склад камісій 267 прадстаўнікоў, 186 з іх увайшлі ў склад камісій.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя